Ствараецца Міжнародны фонд у падтрымку беларускіх палітвязняў. Нарвегія ужо дала 850 тысяч еўра
З ініцыятывы Святланы Ціханоўскай ствараецца Міжнародны гуманітарны фонд у падтрымку беларускіх палітвязняў. Фонд будзе накіраваны на падтрымку сем’яў рэпрэсаваных і былых палітвязняў, паведамляе офіс палітыка.
30.04.2024 / 13:18
Прэм’ер-міністр Нарвегіі Юнас Стэрэ падчас сустрэчы са Святланай Ціханоўскай. Фота: прэс-служба Ціханоўскай
Падтрымка будзе ўключаць у сябе, у тым ліку, медыцынскую дапамогу і рэабілітацыю, матэрыяльную і псіхалагічную дапамогу вызваленым палітвязням і асобам, якія зазналі палітычныя рэпрэсіі.
Прэм’ер-міністр Нарвегіі Юнас Стэрэ падчас сустрэчы са Святланай Ціханоўскай сказаў, што Нарвегія ўносіць 10 мільёнаў нарвежскіх крон (850 тысяч еўра) — як першы ўнёсак у гэты фонд. Распараджацца фондам будуць беларускія арганізацыі і ініцыятывы, якія дапамагаюць палітвязням.
Міністэрства замежных справаў Нарвегіі працуе над фармалізацыяй працы фонду. Унесці сродкі ў фонд змогуць іншыя ўрады, міжнародныя арганізацыі і іншыя патэнцыйныя донары.
З ініцыятывай стварыць такі фонд лідарка беларускага дэмакратычнага руху Святлана Ціханоўская выступіла ў мінулым годзе.
Міністр замежных спраў Нарвегіі Эспен Барт Эйдэ падтрымаў ідэю стварэння міжнароднага гуманітарнага фонду: «Сітуацыя з палітвязнямі ў Беларусі вельмі трывожная. Такая дапамога вельмі патрэбная для рэабілітацыі былых палітвязняў і іх семʼяў».
У панядзелак і аўторак на гэтым тыдні Ціханоўская знаходзіцца ў Осла.
У Беларусі +16 новых палітвязняў
Як змяніўся вобраз Ціханоўскай за 2020—2024 і як яна глядзіцца побач з іншымі лідаркамі ШМАТ ФОТА