У Латвіі сёння зафіксавалі землятрус
Сёння ў 11:40 па мясцовым часе на назіральнай станцыі ў Слітэры (паўночны захад Латвіі) была зарэгістравана сейсмічная падзея па шкале каля трох балаў.
30.04.2024 / 15:40
Сейсмалагічны маніторынг у Латвіі ў асноўным ажыццяўляецца на станцыі у Слітэры, але звесткі супастаўляюцца таксама з аналагічнымі станцыямі ў Эстоніі, Літве, Фінляндыі, Польшчы і Даніі, піша Delfi.lv.
Карта краін Балтыі і Беларусі на латвійскай мове. Maps.google.com
«Зараз ясна, што землятрус, калі ён адбыўся, мае лакальны маштаб, паколькі прыкметы яго назіраюцца толькі на адной назіральнай станцыі. Такім чынам, меркаваная магнітуда падзеі, хутчэй за ўсё, ніжэй за 3 балы, што азначае, што будынкі або інфраструктура ў сувязі з землятрусам не будуць пашкоджаныя», — растлумачылі ў Сейсмалагічнай службе.
Відавочцы ў сацсетках пішуць, што землятрус адчуваўся таксама ў Ліепаі і ў шэрагу іншых месцаў у Курземе (г.зн. заходняя частка краіны)
У Латвіі землятрусы назіраюцца рэдка, і, у асноўным, малога маштабу. Звязаныя яны часта з чалавечай дзейнасцю — напрыклад, з ваеннымі вучэннямі.
Апошні натуральны землятрус у Балтыйскім рэгіёне быў зафіксаваны ў 2022 годзе на поўначы Эстоніі з магнітудай 2,3 бала. Натуральныя землятрусы ў рэгіёне вельмі рэдка перавышаюць тры балы.