Алімпійскі прызёр Дашчынскі прадае дом каля Драздоў. Як вам інтэр'еры?
На сайтах агенцтваў нерухомасці з’явілася абвестка аб продажы катэджа на вуліцы Вілейскай, гэта непадалёку ад Драздоў. Па звестках «Нашай Нівы», элітнае жыллё належыць прызёру зімовых Алімпійскіх гульняў Дзмітрыю Дашчынскаму. У 2022 годзе фрыстайліст разам з сям’ёй з’ехаў працаваць у Аўстралію. І ўжо тады ён казаў аб думках застацца там жыць.
05.05.2024 / 14:39
Агульная плошча дома — 270 квадратных метраў, з іх жылая — каля 113 квадратаў. Плошча ўчастка з ландшафтным дызайнам прыкладна 13 сотак.
Зямля выдзялялася Дашчынскаму як і іншым заслужаным асобам — як падарунак ад дзяржавы. Напрыклад, бліжэйшая суседка — веласіпедыстка Наталля Цылінская.
Двухпавярховы катэдж з брусу, пакрыты звонку і ўнутры фінскімі насычэннямі. Пабудаваны ён быў у 2015 годзе.
На першым паверсе знаходзіцца даволі вялікі гараж, топачная, кухня з прасторнай і ўтульнай гасцёўняй, а таксама адна спальня (магчыма, для гасцей).
На другім паверсе ёсць даволі вялікі хол і тры жылыя пакоі.
Падлога ў доме з дубовай паркетнай дошкі і керамаграніту (у санвузлах, прыхожай, кухні і кацельні). Каб золкай беларускай зімой у гаспадароў не мерзлі ногі, у пярэдняй, санвузлах і кухні зробленая вадзяная цёплая падлога. Ёсць таксама ўбудаваная сістэма пылавыдалення.
У аб'яве адзначана, што ўсю сантэхніку прывозілі з Іспаніі, Італіі і Германіі.
Набыць дом алімпійскага прызёра прапануецца за $650 тысяч — але магчыма таргавацца.
У 2022 годзе фрыстайліст Дзмітрый Дашчынскі з'ехаў працаваць у Аўстралію трэнерам зборнай і даў інтэрв'ю блогу «Адлюстраванне». Дзмітрый расказаў, што разам з сям'ёй размясціўся ў Брысбене — там добрая база, ёсць водны трамплін і можна трэніравацца цэлы год.
Фота з інстаграма Дзмітрыя Дашчынскага
Адказваючы на пытанне аб прычынах пераезду, ён сказаў, што іх некалькі:
— Найперш, гэта будучыня дзяцей. Яны адразу з энтузіязмам паставіліся да магчымага пераезду. Данілу 15 гадоў, а Сцяпану 10. Старэйшаму хутка думаць аб паступленні. Ён у апошні час быў зусім не ў захапленні ад школы. У пачатковых класах падабалася, а вось у старэйшых ужо не тое. Прыходзіць, напрыклад, маладая настаўніца. Сама сядзіць увесь урок у тэлефоне, а дзецям задае нешта зубрыць. Або даюць вельмі шмат хатніх заданняў. Нешта не задавальняе — твае праблемы.
Ён шчыра прызнаўся, што сям'я сур'ёзна разглядае варыянт застацца ў Аўстраліі назаўжды.
— Калі ў дзяцей усё складзецца, то чаму б не застацца тут? Мне хочацца, каб яны паглядзелі свет, пажылі ў іншай абстаноўцы. Цяпер жа і з візамі вельмі цяжка, шматгадзінныя чэргі на мяжы — нікуды з Беларусі амаль не выбрацца нават у адпачынак. Раней сыны з радасцю чакалі гэтага моманту, хацелі ўбачыць нешта новае. Турцыя ці Егіпет пры ўсёй павазе — не варыянт.
Здаецца, зараз Дашчынскі разам з сям’ёй прыняў канчатковае рашэнне застацца ў Аўстраліі, таму выставіў на продаж нерухомасць у Беларусі.
Цешча экс-старшыні СК радыкальна перабудавала катэдж у Драздах. І просіць за яго $3,3 мільёна ФОТЫ
Вікторыя Азаранка здае дом у Драздах. Як вам інтэр'еры? ФОТЫ
Ад Абельскай да Ярмошынай: 112 уладальнікаў катэджаў у Драздах, поўны спіс