Былы актывіст Ілля Дабратвор жыве ў Варшаве проста ў сваім таксі

«Варшава слязам не верыць», — сцвярджае мужчына ў сваім першым відэа аб жыцці на вуліцы. Як ён там апынуўся і як выжывае?

05.05.2024 / 08:55

Ілля Дабратвор на фоне сваёй машыны. Скрын відэа

Грамадскі актывіст Ілья Дабратвор, які некалькі гадоў таму разам з пяццю дзецьмі з'ехаў у Польшчу, перажывае не лепшыя часы.

Як вынікае з яго запісаў у сацыяльных сетках, мужчына развёўся з жонкай. А цяпер выклаў у сваім ютуб-канале відэа, у якім расказвае аб тым, што застаўся без жылля і яму даводзіцца жыць у машыне, на якой ён зарабляе як таксіст.

«Гагарын далятаўся, а я дагаварыўся. Людзі, якія балатуюцца ў Каардынацыйную раду, маюць дзіўнае ўяўленне аб свабодзе слова і дэмакратыі. Я выказаў толькі сваё меркаванне, за што мяне мая былая жонка сказала: «Два дні табе на выезд», — тлумачыць прычыну свайго знаходжання на вуліцы Дабратвор.

Іна Дабратвор, жонка актывіста, з'яўляецца кандыдатам у новы склад Каардынацыйнай рады. Але ён супраць гэтага. Прычыну тлумачыць наступным чынам:

«Людзі, якія самі з'яўляюцца сямейнымі тыранамі, дыктатарамі, якія здзекуюцца з дзяцей псіхалагічна, тонка, але атрымліваюць ад гэтага задавальненне, не могуць быць кандыдатамі ні ў якія органы, якія прадстаўляюць новую Беларусь. Нам такой «новай Беларусі» не трэба».

У відэа мужчына заўважае, што жыве не зусім на вуліцы, бо ў яго ёсць «цудоўная машына, якая з'яўляецца і працоўным месцам і домам».

У гэтай машыне, як сцвярджае Дабратвор, «можна выдатна выспацца, калі раскласці заднія сядзенні».

Мужчына расказвае, што на момант запісу ён мае 270 злотых (каля $70), за якія можна зняць хостэл, але ён вырашыў ноч папрацаваць. Машына, па словах мужчыны, не дасць яму памерці з голаду. Акрамя гэтага, ён карыстаецца карткай на паліва, на якую могуць перавесці грошы людзі, якія захочуць яму дапамагчы. На большае ён не разлічвае:

«Тут кожны сам за сябе. Свабода ў іх разуменні ў тым, каб іх не нічога не напружвала. Чужы чалавек, якога яны прымуць, напружвае. Іншая справа — адправіць адзін, два, пяць еўра, якія з тваім мільёнам ці тысячай не адыграюць ролі. Але ты быццам нешта зрабіў. І зусім іншая справа прыняць нейкую сям'ю надоўга ці не надоўга».

Дабратвор згадвае, што па падтрымку можна звярнуцца ў адпаведныя фонды, якія могуць абвясціць збор грошай. Але гэтыя зборы не прыносяць вялікіх грошай і частка з іх, па яго назіраннях, застаюцца незакрытымі.

«Прасіць і прыніжацца? У мяне ёсць рукі, інструменты, [каб зарабіць])», — гаворыць мужчына і дзеліцца падрабязнасцямі ўладкавання свайго побыту ў новых умовах.

Па яго словах, бясплатным туалетам можна карыстацца на запраўках. Для машыны ён знайшоў бясплатную паркоўку, побач ад якой знаходзіцца сеткавая крама. Памыцца самому і памыць рэчы можна ў вадаёме, які знаходзіцца недалёка.

Дабратвор адзначае, што ў яго некалькі машын, і паказвае яшчэ тры. Па яго словах, у адной жывуць яго знаёмыя, якія таксама апынуліся на вуліцы, у другой знаходзяцца яго рэчы, а ў трэцяй — «другі пакой» знаёмых, дзе яны захоўваюць свае рэчы.

Дабратвор гаворыць, што будзе весці блог для тых, «хто апынецца ў падобнай сітуацыі», «вырашыць раптам сюды пераехаць па нейкай памылцы».

Па словах мужчыны, «калі другая прапаганда гаворыць, што тут усё класна, вы павінны разумець, што гэта не так». І дадае: «калі Масква слязам не верыць, то Варшава слязам не верыць зусім ніяк».

«Блізка жывуць мае дзеці, якіх я змагу бачыць і якія змогуць прыходзіць да таты ў машыну пасядзець. Таму ўсё выдатна, едзем далей», — гаворыць Дабратвор і заўважае, што не ведае, чым яго сітуацыя скончыцца.

***

Ілля Дабратвор раней быў у партыі БНФ. Паралельна супрацоўнічаў з прарасійскім рэсурсам «Політрінг» і не бачыў у гэтым нічога заганнага.

У Варшаве напалі на Іллю Дабратвора

Ілля Дабратвор, які з пяццю дзецьмі з'ехаў з Беларусі: У Варшаве працую таксістам і ў масоўках кіно

Актывіст БНФ Ілля Дабратвор працуе на сайт «рускага свету». Як гэта ўкладваецца ў яго галаве? — вялікая гутарка

Nashaniva.com