Сталі вядомыя падрабязнасці пра загінулага светлагорца, які ваяваў у ПВК «Вагнер»
Пра гібель ва Украіне чарговага беларуса, які ваяваў у складзе расійскіх акупацыйных войскаў на Данбасе, пазаўчора паведаміла «Гомельская вясна», а «Флагшток» здабыў дадатковую інфармацыю.
02.05.2024 / 20:31
Марат Суўханаў. Фота: сацсеткі
«Гомельская вясна» паведаміла пра тое, што ўраджэнец Светлагорска Марат Суўханаў пасля заканчэння мясцовага ліцэя хімікаў адправіўся ў Расію. Там ён працаваў вахтавым метадам у буравой кампаніі, а пасля быў затрыманы ў Расіі і асуджаны па наркатычным артыкуле. Падчас адбыцця пакарання беларус быў завербаваны на ўмовах амністыі ў ПВК «Вагнер».
Як удакладніў «Флагшток», Марат Суўханаў загінуў у 33-гадовым узросце на тэрыторыі самаабвешчанай «ЛНР» у падраздзяленні ПВК «Вагнер», ваюючы супраць Украіны. Гэта адбылося яшчэ ў канцы 2022 года:
«Мараціка ўжо паўтара года няма з намі… Загінуў на вайне ва Украіне. Царства яму нябеснае. Гэта была не яго вайна, але яго лёс злы… Злы рок туды яго адправіў», — такі каментар атрымаў «Флагшток» ад знаёмага найміта.
На старонцы Суўханава ў сацсетцы засталіся запісы толькі да 2018 года.
Цікава, што тады беларус сярод іншага зрабіў рэпост анекдота, які аказаўся суровай рэальнасцю: «Нам нужен мир, заявила Россия. Мир насторожился».
Вербаваць зняволеных у расійскіх калоніях для ўдзелу ў вайне ў ПВК «Вагнер» актыўна пачалі летам 2022 года. Такім чынам, найміт-беларус загінуў раней, чым скончыўся ўстаноўлены ў ПВК паўгадавы тэрмін да заканчэння кантракту і амністыі.
Сваякам Марата Суўханава перадалі некалькі таблічак «Сям'я байца ПВК «Вагнер», які аддаў жыццё за Расію» (такімі пры жаданні можна пазначаць сябе саміх і свае дамы), а таксама грамату ад Леаніда Пасечніка — кіраўніка так званай «ЛНР».
Яшчэ адзін былы жыхар Беларусі загінуў у складзе ПВК «Вагнер»
Расіянін вярнуўся з фронту ў Гомель. Тут яго затрымалі і будуць судзіць