Вынеслі прысуд па справе крадзяжу сродкаў у дольшчыкаў ЖК «Грушаўскі пасад»

Аднаго пасадзілі, другога асудзілі завочна.

03.05.2024 / 14:20

Фота: Realt.onliner.by

Завяршыўся працэс па справе забудоўшчыка сталічнага жылога комплексу «Грушаўскі пасад». Дырэктару фірмы «Жылбудкамплект» Іллі Волаху суд прысудзіў 10 гадоў пазбаўлення волі, а яго намесніку Аляксандру Зайцаву — 7 гадоў узмоцненага рэжыму, піша БелТА.

Акрамя гэтага, Волаху далі штраф 200 тысяч рублёў, а Зайцаву — 120 тысяч. Абодва яны пазбаўленыя права на пяць гадоў займаць кіруючыя пасады. Праўда, пад вартай знаходзіцца толькі другі фігурант, а кіраўніка фірмы-забудоўшчыка судзілі завочна, бо ён знаходзіцца ў Польшчы.

Суд пагадзіўся з высновамі следства, што забудоўшчык прыцягнуў ад дольшчыкаў больш за 58 млн рублёў, якіх хапала на завяршэнне будаўніцтва. Але Волах пры садзейнічанні Зайцава вывеў з рахункаў фірмы каля 24 млн, якія выдаткаваў на ўласныя патрэбы.

У выніку пацярпелымі апынуліся 430 фізічных асоб і пяць суб'ектаў гаспадарання. А дабудоўваць жыллё прыйшлося сталічнаму УКБ «Захад».

Раней у Следчым камітэце паведамілі, што акруговая пракуратура ў Варшаве адмовіла беларусам у выдачы Волаха, бо ён атрымаў польскае грамадзянства.

Nashaniva.com