Латвійская армія пачала рыць супрацьтанкавыя равы на межах з Беларуссю і Расіяй

У тым ліку раскопваюць некаторыя дарогі.

03.05.2024 / 15:34

Фота: Міністэрства абароны Латвіі

Латвійская армія прыступіла да стварэння сістэмы ўмацаванняў на межах з Беларуссю і Расіяй.

Уздоўж мяжы вайскоўцы створаць ланцуг апорных пунктаў-ахоўныя ўмацаванні, розныя перашкоды, склады боепрыпасаў. Усяго на стварэнне сістэмы ўмацаванняў збіраюцца выдаткаваць 303 мільёны еўра, паведамляе LSM.

Першая абарончая лінія ствараецца на адлегласці каля кіламетра ад мяжы з Расіяй, недалёка ад пагранпункта Церахава ў Лудзенскім краі. Там вайскоўцы перакопваюць дарогу капаюць супрацьтанкавы роў для цяжкасці прасоўвання патэнцыйнага агрэсара.

Пакуль гаворка ідзе пра ўмацаванні без мініравання. Латвійскія вайскоўцы збіраюцца ўмацаваць супрацьтанкавыя равы «зубамі дракона», а таксама размясціць апорныя пункты абароны.

Латвійская лінія павінна стаць часткай умацаванняў Балтыйскага вала на межах Эстоніі, Латвіі і Літвы.

Nashaniva.com