«Гатовы аказаць усялякае ўзаемадзеянне». Доктар-беларус з Партугаліі пяць гадоў прасіўся супрацоўнічаць з КДБ
У базе зваротаў КДБ, якую выклалі ў сеціва «Кіберпартызаны», выданне «Люстэрка» знайшло тры лісты, якія напісаў лекар-беларус. Ён жыве ў Партугаліі і мае грамадзянства гэтай краіны, але цягам некалькіх гадоў медык настойліва прапаноўваў лукашэнкаўскім чэкістам «добраахвотнае супрацоўніцтва».
03.05.2024 / 17:52
КДБ на праспекце Незалежнасці ў Мінску
«Гатовы аказаць усялякае ўзаемадзеянне бязвыплатна»
Першы ліст у КДБ Алег Буйноўскі адправіў у сакавіку 2016 года. Ён названы як «прапанова аб добраахвотным супрацоўніцтве».
«Я, Буйноўскі Алег Францавіч, 1978 г. н., ураджэнец Беларусі, які пастаянна жыве ў Партугаліі і мае падвойнае грамадзянства (Беларусі і Партугаліі), маю вышэйшую медыцынскую адукацыю, жанаты, трое дзяцей. Прапаную добраахвотнае супрацоўніцтва», — напісаў мужчына.
Другі ліст датаваны снежнем 2019 года.
«Я, вышэй заяўлены, знаходзячыся на пастаянным пражыванні ў Партугаліі (Азорскія астравы), маючы падвойнае грамадзянства, гатовы на супрацоўніцтва пры ўзнікненні неабходнасці», — паведаміў лекар.
Трэці ліст на сайт КДБ ён адправіў у лістападзе 2021 года:
«Я, які ніжэй падаў дакументы і прадставіўся, гатовы аказаць, пры неабходнасці, усялякае ўзаемадзеянне ў межах маіх магчымасцяў, бязвыплатна».
Да лістоў прыкладаліся партугальскія адрасы пражывання лекара і нумары яго тэлефонаў.
Працаваў у вайсковым шпіталі ў Анголе і рэпосціў Маргарыту Сіманьян
«Люстэрка» знайшло старонку Алега Буйноўскага ў LinkedIn. Там жа размешчана рэзюмэ са спісам месцаў ягоных вучобы і працы.
З яго вынікае, што доктар скончыў Мінскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт у 2001 годзе. Потым працаваў у сталіцы: у 9-й гарадской клінічнай бальніцы і «Мінскай кардыялагічнай клініцы» (магчыма, маецца на ўвазе РНПЦ «Кардыялогія»).
Пасля ён жыў у Анголе і працаваў у вайсковым шпіталі Узброеных сіл. А тады вярнуўся ў Мінск і ўладкаваўся ў Інстытут фізіялогіі Акадэміі навук.
Мяркуючы па рэзюмэ беларуса, у Партугалію мужчына перабраўся, хутчэй за ўсё, у перыяд з 2008 па 2010 год. Ён піша, што працаваў доктарам на розных прадпрыемствах. У яго абавязкі ўваходзілі «нагляд за гігіенай, бяспекай працы і здароўем работнікаў». Таксама на пару гадоў ён зноў з'ездзіў у Анголу, адпрацаваў там у адным з медцэнтраў Луанды.
У Партугаліі Алег скончыў інтэрнатуру і аспірантуру. Апошняе названае ў рэзюмэ месца працы (з 2017 года) — сямейны доктар-стажор у медцэнтры на партугальскім востраве Сан-Мігель (уваходзіць у архіпелаг Азорскіх астравоў).
У твітары Алег Буйноўскі актыўнічаў да 2021 года. Там ён рэкламаваў цэнтр аднаўлення здароўя для залежных людзей на Азорскіх астравах. Магчыма, гэта яшчэ адно месца яго працы — цяпер сайт цэнтра не адкрываецца.
Падчас пандэміі медык актыўна рэпосціў паведамленні пра бяспечнасць і выніковасць расійскай вакцыны Sputnik V. Акрамя таго, у стужцы Алега да 2018 года можна знайсці мноства рэпостаў твітаў прапагандысткі Маргарыты Сіманьян і спасылак на расійскія дзяржаўныя медыя (напрыклад, «РІА «Новості»).
«Люстэрка» спрабавала атрымаць каментар у самога лекара, які так актыўна прапаноўваў беларускаму КДБ свае паслугі. Але на званкі і ліст журналіста ён не адказаў.
Для прагляду зваротаў у КДБ зрабілі зручнейшы сэрвіс
«Мой муж Ігар Кушнерскі перадае буйныя сумы наяўных грошай Латушку і Пуцілу». Што гэта за данос?
Двое сяброў «Народнай грамады» пісалі даносы ў КДБ. Хто яны і як тлумачаць сітуацыю?
У базе зваротаў у КДБ — больш за 40 хадайніцтваў аб вызваленні Бабарыкі