Ціханоўская наведала месца забойства вядомай журналісткі
Святлана Ціханоўская, якая цяпер знаходзіцца з візітам на Мальце, у Міжнародны дзень свабоды прэсы наведала месца забойства вядомай мальтыйскай журналісткі Дафны Каруаны Галіцыі. Гэта жанчына займалася расследаваннем карупцыі чыноўнікаў і была забітая ў 2017 годзе.
03.05.2024 / 18:07
Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай
На месцы забойства пра сваю маці і тое, што з ёй тады адбылося, расказаў сын Дафны.
Святлана Ціханоўская ў адказ расказала пра беларускіх журналістаў, якія падвяргаюцца суроваму пераследу, але, нягледзячы на гэта, працягваюць сваю працу, каб спыніць прапаганду ды распальванне варожасці і нянавісці.
Дафна Каруана Галіцыя была самай вядомай журналісткай Мальты. Яна вяла блог на англійскай мове Running Commentary, у асноўным прысвечаны карупцыі. Аўдыторыя некаторых яе пастоў перавышала 400-тысячнае насельніцтва Мальты. Расследаванні Галіцыі тычыліся дзяржслужбоўцаў — ад дробных чыноўнікаў да кіраўнікоў дзяржавы.
16 кастрычніка 2017 года аўтамабіль, у якім знаходзілася 53-гадовая Дафна Каруана Галіцыя, быў узарваны. У гэты момант яна ад'язджала на сваім Peugeot 108 ад дома ў Мосце, мястэчку непадалёк ад сталічнай Валета. Машыну разнесла выбухам на некалькі частак, жанчына загінула.
Незадоўга да гібелі Галіцыя кіравала расследаваннем аб карупцыі на Мальце, вынікам якога стала публікацыя ў «Панамскіх дакументах» звестак, якія абвінавачвалі прэм'ера краіны ў карупцыі.
Забойства журналісткі выклікала вялікі рэзананс на Мальце і за яе межамі. Ушанаваць яе памяць выйшлі тысячы мальтыйцаў.
На Мальце ўзарвалі машыну аўтара расследаванняў для «Панамскіх дакументаў»
Ціханоўская: Свабоды прэсы ў Беларусі няма, у краіне тры з паловай дзясяткі вязняў-журналістаў