Бондарава высунула тэорыю адносна таго, чаму сучасныя дзяўчаты не імкнуцца замуж
Актывістка Кампартыі ўсур'ёз занялася фізіялогіяй чалавека. На гэты раз яны заклапацілася памерам палавога члена ў мужчын.
03.05.2024 / 21:37
Вольга Бондарава. Скрын відэа з ютуб-канала актывісткі
У сваім тэлеграм-канале актывістка Кампартыі і змагарка за сямейныя каштоўнасці расказала, чаму дзяўчаты не хочуць ствараць сем'і.
«Для стварэння сям'і і забеспячэння патомству ўмоваў для выжывання любой самцы патрэбна апора і абарона ў выглядзе надзейнага мужчыны». Але цяпер, на думку Бондаравай, мужчыны не тыя, што раней. У якасці прыкладу яна прывяла ілюстрацыю, якая гуляе ў інтэрнэце на розных рэсурсах, што папулярызуюць псеўданавуковыя тэорыі.
На ёй сцвярджаецца, што пачынаючы з 40-х гадоў мінулага стагоддзя мужчыны ўсё больш страчваюць рысы маскуліннасці. Гэта, нібыта, праяўляецца ў змяншэнні росту, знікненні валасоў на целе, а таксама у змяншэнні памеру палавога члена.
Ананімныя аўтары ўяўляюць 25-гадовага мужчыну 2010-х ростам у 170 см, вагою ў 65 кілаграмаў з амаль поўнай адсутнасцю валасоў на целе і кароткім пенісам. А вось мужчыны 1940-х гадоў таго ж узросту, маўляў, былі амбаламі ростам 188 см, важылі 90 кілаграмаў, мелі значную колькасць валасоў на целе, ну і той да калена. Бондарава ілюструе гэтыя фантазмы выявай з псеўданавуковага твітар-канала Testosterone & Civilization, якая з'явілася там у 2019 годзе.
Ілюстрацыя з тэлеграм-канала Вольгі Бондаравай. Яе можна знайсці ў псеўданавуковым канале Testosterone & Civilization ў Х за 29 чэрвеня 2019 года
«Укараненне антычалавечай ідэалогіі праз глабалізацыю па заходніх лекалах пры дапамозе мас-медыя — вось прычына», — сцвярджае Бондарава.
На самой справе, як вынікае з даных сеткі вучоных-медыкаў з усяго свету NCD Risk Factor Collaboration (NCD-RisC), якая дае дакладныя і своечасовыя звесткі аб асноўных фактарах рызыкі неінфекцыйных захворванняў для ўсіх краін, рост мужчын якраз у краінах Захаду пастаянна рос, у той час як у краінах Афрыкі і Сярэдняга Усходу прыкладна з 1970-х гадоў назіраецца яго зніжэнне.
На графіку прыведзеныя звесткі для мужчын, якія нарадзіліся ў перыяд з 1940 па 1996 год. Найбольш падзенне росту заўважна ў краінах Афрыкі на поўдзень ад Сахары.
Што тычыцца сцвярджэння аб змяншэнні памеру палавога члена, то, як мы пісалі, даследаванні мужчын з усяго свету прадэманстравалі, што сярэдняя даўжыня пеніса ў стане эрэкцыі, наадварот, за апошнія 30 гадоў вырасла на 24%.
Парадокс у тым, што паралельна з ростам памеру мужчынскага органа назіраецца падзенне колькасці сперматазоідаў у семені і ўзроўню тэстастэрону ў мужчын.
Што тычыцца валасоў на целе, то не існуе ніякіх даследаванняў адносна гэтага. Як вядома, валасы на целе размеркаваныя па планеце нераўнамерна.
У народаў, якія жывуць ва ўмовах палярнай ночы і нізкай сонечнай актыўнасці, валасоў на целе і канечнасцях вельмі мала. А бліжэй да поўдня павялічваецца не толькі працягласць светлавога дня, але і колькасць валасоў на целе мясцовых народаў.
Дадамо, што свае веды ў галіне фізіялогіі Бондарава дэманструе не першы раз. Нядаўна яна заяўляла, што ў жанчын падчас менструацыі змяняецца памер гіпофіза, а ў мужчын-гомасэксуалаў ён, маўляў, у чатыры разы большы, чым у гетэрасэксуальных мужчын.
Бондарава занялася фізіялогіяй мозга: выявіла змены гіпофіза пры менструацыі
Бондарава стукала ў КДБ на Вараніцу з «Белай Русі»