Калі вы ўсё яшчэ асцерагаліся чытаць кнігі пра 2020 год, пачніце з гэтай

«Час пустазелля» Ганны Янкуты — аўтафікшн з далікатнай ноткай нон-фікшн — можа стаць моцнай маральнай падтрымкай. Не быць героем — нармальна, баяцца — нармальна, быць разгубленым, спустошаным і доўга збіраць сябе па кавалачках — нармальна. Гэта не кніга пра катастрофу, якіх так шмат у нашай літаратуры, але гэта каштоўны дзённік дыктатуры, які дазваляе лепш разабрацца ў сабе і людзях, піша Зося Лугавая.

05.05.2024 / 13:04

Я ўсё яшчэ асцерагаюся чытаць кнігі пра 2020-ты год і тое, што адбываецца з Беларуссю пасля яго. Падаецца, што гэтыя кнігі проста будуць рабіць мне балюча, і за гэтым болем я не змагу пабачыць усё астатняе.

Аднак у самым першым абзацы «Часу пустазелля» Ганна Янкута, быццам ведаючы пра гэты страх, кажа: «Нельга пачынаць з болю, спярша трэба назапасіць сіл, каб вытрымаць яго. Я б хацела зрабіцца дзіцячай пісьменніцай для дарослых і напісаць дарослую казку…».

І ўсё ж «Час пустазелля» — не казка. Я б сказала, што гэта аўтафікшн з далікатнай ноткай нон-фікшн.

Гэта кніга пра тое, што адбывалася пасля 2020 года і да сярэдзіны 2023-га. Як аўтарка жыла ў яшчэ няпэўнай эміграцыі, маючы толькі часовае жытло і часовую працу. Пра валанцёрства на пачатку вайны. Пра некалькі непрацяглых падарожжаў у Беларусь. Пра штодзённыя назіранні за людзьмі, жывёламі, птушкамі і раслінамі. Штодзённасць шчыльна пераплятаецца з успамінамі — і зусім дзіцячымі, і больш сучаснымі.

Вось, напрыклад, адзін з самых шчымлівах момантаў працы ў валанцёрскім цэнтры дапамогі ўкраінцам. Да Ганны звяртаюцца жанчына з сынам: яна старая, і сын ужо немалады. Выглядаюць, быццам усё жыццё пражылі ў вёсцы. Цяпер ім трэба да другога сына, у Маскву. Іншага плана ў іх няма. Ганна тэлефануе. Голас сына, грамадзяніна РФ, гучыць абыякава. Ён кажа, што можа сустрэць маці і брата ў Гомелі. Ці ў Мінску. Але транспарту туды няма. Тады няхай едуць у Сімферопаль. Але там вайна, адказвае аўтарка. Тады — у Калінінград, а ён забярэ іх самалётам. Аднак траспарт для бежанцаў ёсць толькі на захад. «Дык, можа, хай пра іх паклапоцяцца на захадзе, кажа сын». 

У кнізе ўсяго некалькі менскіх фрагментаў, але моцна адчуваецца прысутнасць горада. Шыльды з сацыяльнай рэкламай, клумба пад вокнамі кватэры, метро, якое рэжа горад з захаду на ўсход. Нягегласць Менска пасля еўрапейскіх сталіц, яго застыласць і нерухомасць. І ў той жа час прага вярнуцца ў гэты горад, надоўга.

Фон для менскіх нататак — трывога. Наймацней яна адчуваецца ў хатніх эпізодах. Напрыклад, калі Ганна ідзе ў душ, і ў гэты час у кватэру грукаюць. Імгненне сумневаў, і — мокрая рука цягнецца да тэлефона, каб вылагініцца з сацыяльных сетак. «На экране ўсплывае надпіс: хочаце захаваць пароль? Не, дзякуй, я ў Беларусі». Аказваецца, гэта быў дворнік, яму трэба было набраць вады. Яны з мужам не адмыкаюць. Пазней праз вако Ганна бачыць, як дворнік мые ў вядры з вадой анучу. Значыць, нехта яго да сябе ўсё ж пусціў. Гэтага пытання няма ў тэксце, але яно гучыць у маёй галаве: няўжо ёсць хтосьці, хто яшчэ не баіцца адчыніць дзверы незнаёмаму чалавеку? 

У кнізе мала людзей, асабліва людзей з Беларусі. І аўтарка дае гэтаму тлумачэнне: «На гэтым, мабыць, і палягае розніца паміж дзённікам вайны і дзённікам дыктатуры, паміж сітуацыямі, калі небяспека звонку і калі — унутры. У дзённіку дыктатуры шмат чаго нельга расказваць пра іншых, каб іх не знайшлі, нельга пісаць усю праўду».

Ганна не піша пра людзей, але думае пра іх. І чытанне кнігі ператвараецца ў размову з разважлівым і шчырым сябрам, які кажа быццам бы пра сябе, але атрымліваецца — што і пра цябе таксама. Яна дзеліцца страхамі, сумневамі, болем, і тым самым дазваляе іх чытачу, нармалізуе. Не быць героем — нармальна, баяцца — нармальна, быць разгубленым, спустошаным і доўга збіраць сябе па кавалачках — нармальна.

«Перажываю крохкасць і беспрытульнасць — сваю, людзей побач і ўсяго свету, так што хочацца ўсіх абняць, ахінуць абаронай. Ад гэтага ў целе — амаль фізічны боль».

Геалогія — адно з захапленняў Ганны, і яна рэгулярна вяртаецца да гэтай тэмы ў кнізе. Блукаючы па геалагічным музеі ў Варшаве, пераходзячы ад канкрэтнага геаграфічнага і часавага пункта да мільёнаў гадоў, якія планета існавала без нас, яна стварае вельмі незвычайны, медытацыйны эфект. Ты адчуваеш сябе імгненнем у жыцці планеты, але адначасова і яе неадменнай часткай: працягам усяго, што існавала да цябе. 

Шапэнаўскі канцэрт у Лазенках — фрагмент, у якім нечакана глыбока раскрываецца настрой і характар усёй кнігі. Летнія канцэрты ў парку збіраюць натоўп. Ганна назірае за людзьмі і адначасова — за сабой. Адзначае, што цяпер слуханне Шапэна даецца цяжка: зашмат эмоцый. Параўноўвае яго з выпадкова пачутым у кавярні Моцартам, ёй блізкая барочная адстароненасць. І я гатовая паўтарыць за аўтаркай: ад лішку эмоцый мне робіцца не па сабе. Стрыманасць і мяккая адстароненасць — гэта і ёсць «Час пустазелля». 

У гэтых нататках няма катастрофы. «Катастрофы — наша каштоўнасць і фетыш, літаратура майго рэгіёна цэніцца як раз за іх. Калі іншыя народы і супольнасці робяць унёсак у паэзію, філасофію, навуку, мы зноў і зноў мусім выжываць і сведчыць, замест таго каб спакойна гадаваць свой сад», піша аўтарка. Але гэта каштоўны дзённік дыктатуры, які дазваляе лепш разабрацца ў сабе і людзях.

«Я чалавек з дыктатуры, вакол мяне — шкляныя сцены. Я рыба ў акварыуме, што адкрывае рот, сілячыся нешта сказаць, але атрымліваецца так няшмат. Бо што тут скажаш, калі навокал, за шклянымі сценамі, — жыццё. А мы мусім пражыць сваю дыктатуру, крок за крокам».

«Час пустазелля» можа стаць моцнай маральнай падтрымкай. Тут няма лозунгаў, крыўдаў ці абвінавачванняў. Ёсць удумлівасць і цвярозая шчырасць. І нават некалькі жыццёвых рэцэптаў:

«Мой новы навык — ісці маленькімі крокамі. Няважна, да чаго я рухаюся — да вырашэння побытавых праблем ці да пісання. Маленькія крокі і маленькія дыстанцыі». 

Зося Лугавая