Прадаць кватэру нельга, бацька павінен працаваць — новыя ўмовы сямейнага капіталу ў Беларусі

Змены набудуць моц з 28 траўня.

05.05.2024 / 12:25

У Беларусі ўступаюць у сілу новыя ўмовы назначэння і датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу. 

Па новых правілах, для атрымання сямейнага капіталу працаздольны бацька павінен працаваць. Таксама яго занятасць будзе ўлічвацца пры датэрміновым выкарыстанні капіталу, піша «Вячэрні Гродна».

Так, калі сям'я збіраецца накіраваць сродкі на куплю жылля, медыцынскія паслугі або адукацыю да паўналецця дзіцяці, то бацька або айчым павінен працаваць не менш як 12 месяцаў за апошнія два гады.

Акрамя таго, прадаваць кватэру ці дом, набытыя з прыцягненнем сямейнага капіталу, будзе забаронена.

Датэрмінова выкарыстоўваць капітал на набыццё жылля можна будзе толькі ў тым выпадку, калі сям'і не хапае квадратных метраў. Норма ўстаноўлена на ўзроўні 10 «квадратаў» на чалавека ў Мінску і 15 «квадратаў» у астатняй Беларусі.

Новыя нормы ўступаюць у сілу 28 траўня. Усе заявы на датэрміновае выкарыстанне сямейнага капіталу, пададзеныя да гэтай даты, будуць разглядацца паводле ранейшых правілаў.

У Беларусі сямейны капітал прызначаецца пры нараджэнні трэцяга і наступных дзяцей. У 2024 годзе ён складае 31480 рублёў.

Nashaniva.com