Дабратвор расказвае сваю праўду пра былую жонку: Яна абрала хроснай для нашых дзяцей мастачку Святлану Жыгімонт

Ілля Дабратвор, былы актывіст БНФ і выбарчага штаба Валерыя Цапкалы эмацыйна адрэагаваў на інтэрв’ю сваёй экс-жонкі Іны. У допісе ў фэйсбуку ён расказаў інтымныя падрабязнасці жыцця сям’і. А «Наша Ніва» распытала Іллю пра тое, чаму лічыць маці сваіх пяці дзяцей прыхільніцай рускага свету.

08.05.2024 / 15:53

Ілля Дабратвор. Фота з асабістага архіву героя

— Іна казала, што да пэўнага моманту не цікавілася палітыкай, а за Лукашэнку ў 2010 прагаласавала толькі назло вам. Чаму вы лічыце, што яна хітруе?

Яе сяброўкамі былі Дыяна Шыбкоўская і Святлана Жыгімонт. Абедзве яны заўсёды падтрымлівалі Аляксандра Лукашэнку.

А з жонкай сяброўкі размаўлялі ў тым ліку на палітычныя тэмы. Таму я думаю, што галасавала за Лукашэнку яна не назло мне, а таму што гэта быў яе выбар. Яна сапраўды лічыла, што ён — прэзідэнт, а апазіцыя — ніхто.

Адна з тыповых карцін Святланы Жыгімонт, прысвечаных пратэстам-2020 

— А як Жыгімонт і Шыбкоўская ўзніклі ў жыцці вашай сям’і?

— Жыгімонт, можна сказаць, была нашай суседкай і неяк пазнаёмілася з маёй былой жонкай. А Дыяна Шыбкоўская… Дакладна не ведаю, як яны пазнаёміліся. Але нягледзячы на тое, што Святлана і Дыяна былі маімі палітычнымі апаненткамі, я не быў супраць таго, каб яны сябравалі з Інай. Сяброўкі жонкі — гэта сяброўкі жонкі. Разумееце?

— То-бок такое сяброўства вас не бянтэжыла?

— Не. Гэта было права Іны не пагаджацца са мной, мець свае асабістыя палітычныя погляды. Гэта ніяк не ўплывала на нашы стасункі.

Яна ўдзельнічала ў маіх кампаніях, у тым ліку, збірала подпісы за маё вылучэнне на парламенцкіх выбарах. Але я плаціў ёй за гэта.

На такіх умовах яна пагаджалася працаваць з апазіцыяй, будучы пралукашэнкаўскіх поглядаў. Але мне хацелася, каб мы рабілі нешта разам.

Ілля Дабратвор. Фота з асабістага архіву героя

— У вас заўсёды была прабеларуская пазіцыя. Як тады вы пагадзіліся на тое, каб Жыгімонт і Шыбкоўская, якія відавочна за рускі свет, сталі хроснымі вашых дзяцей?

— Хроснымі іх абрала жонка, гэта быў яе выбар. Калі кахаеш чалавека, дык… Палітычныя погляды — гэта ўсяго толькі палітычныя погляды.

Да тых жа Дыяны і Святланы ў мяне ніякіх прэтэнзій няма. Так, яны безумоўна былі супраць нашага шлюбу. Калі Іна развялася, я жартаваў, што яна паслухалася іх.

Нашым разводам Іна зрабіла вялікае свята для лукашэнкаўскіх прапагандыстаў.

Дарэчы, мы з Інай пасля 2020 года хадзілі на выставу карцін Жыгімонт, якую тая рабіла. Іна там была — і мяне зацягнула — вельмі міла размаўляла са Святланай, яны збіраліся ехаць разам, здаецца, у Іспанію.

Таму для мяне відавочна, што праўкраінская пазіцыя Іны цяпер — гэта быццам бы пазіцыя. А з пратэстам… Дуратой было вешаць (у 2021 годзе Іна павесіла на вокнах кватэры вялікія фоты Віктара Бабарыкі, Святланы Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай і выяву Пагоні. — «НН»)…

Я шмат гадоў праводзіў акцыі. І заўсёды ў арганізацыі было правіла: ты ніколі не праводзіш акцыю там, дзе жывеш. Бо гэта адразу прыцягвае ўвагу да цябе. Гэта відавочна. І калі ты вешаеш такія фота ў той перыяд, калі людзей саджаюць… Абсалютна бессэнсоўная акцыя. Колькі людзей пабачыць гэтыя фота на малалюднай вуліцы?

Бессэнсоўная, акрамя той сітуацыі, калі ты хочаш з’ехаць. Я за шмат гадоў бачыў дастаткова актывістаў, якія рабілі такія самыя рэчы: «Сфоткай мяне, быццам змагаюся». А потым з’язджалі ў Еўропу.

— Калі вы казалі, што вернецеся ў Беларусь — гэта было сур’ёзна ці нейкі эмацыянальны парыў?

— Я лічу, што не маю ніякага маральнага права знаходзіцца на волі, калі мае калегі сядзяць. Я не бачу карысці ад свайго знаходжання ў Польшчы. Адзінае, у чым быў сэнс — у спробах неяк вяртаць сям’ю.

Я не бачу цяпер нічога, што стрымлівала бы мяне ад паездкі ў Беларусь. Беларусь — мой дом. Я не хацеў ехаць сюды (у Польшчу. — «НН»). Я паехаў толькі праз тое, што Іна ўгаварыла мяне вывезці дзяцей. І гэта была мая вялікая памылка. Фатальная памылка. Мне не трэба было ляцець да жонкі. Трэба было заставацца з дзецьмі ў Беларусі, бо ўсё было ўжо скончана.

Не я вырашаў. Яна.

Якую мы новую Беларусь хочам пабудаваць? Тыя, хто прыйшоў у 2020 годзе… Аляксандр Лукашэнка калісьці зусім правільна сказаў пра тых, хто выйшаў у 2020 годзе, што гэта алкаголікі, наркаманы, і прастытуткі. Пажыўшы ў Варшаве і паглядзеўшы на некаторых нашых актывістаў, якія прыйшлі ў 2020 годзе, я абсалютна згодны з гэтай фразай. Не ўсе, але частка з іх хацела проста з'ехаць. І мы бачым гэта па акцыях. Прыходзяць на акцыі адзінкі. І тое з гэтых адзінак потым аказваецца палова агентамі КДБ. Я вось цяпер першы раз за два гады схадзіў на акцыю — Чарнобыльскі шлях. Ніякага жадання хадзіць туды ў мяне няма. У мяне вялікае расчараванне ў тым актыве, які выходзіў у 2020 годзе. Ні пра якую прынцыповую пазіцыю не можа быць і гаворкі.

Ілля Дабратвор. Фота з асабістага архіву героя

— Вы распавядалі пра працу былой жонкі ў Свята-Елісавецінскім манастыры і пісалі ў фэйсбуку, што яе звольнілі пасля скандалу. Дык што ж там адбывалася? Як Іна ўвогуле працаўладкавалася туды?

— Я не ведаю дакладна. У нас ёсць агульная знаёмая Кацярына (не памятаю яе прозвішча), з якой мы таксама пазнаёміліся ў народным тэатры «Жывая планета», дзе гралі. Яна пазней ездзіла ў ДНР. Хутчэй за ўсё, Іна праз яе працаўладкавалася ў Свята-Елісавецінскі манастыр. Было гэта дзесьці ў 2017-2018.

Іна ад манастыра ездзіла па Скандынавіі — яны гандлявалі рознымі вырабамі. Камандзіроўкі былі на месяц-два. Я ёй казаў: «Ты з аднаго боку працуеш, а з другога — віза ў цябе турыстычная. Як ты можаш гандляваць?».

Пасля быў нейкі скандал, падрабязнасцей якога я не ведаю. Мне і тады было не цікава, што здарылася, і зараз.

— Іна распавядала, што пасля 2020 года вашы дзеці не вярнуліся ў дзяржаўную школу.

— Так, але перад гэтым трэба адзначыць, што шмат гадоў вазіў дзяцей у беларускамоўную школу — дарэчы, менавіта там я і пазнаёміўся з Юрыям Васкрасенскім, яго дзеці там таксама вучыліся. І мы на бацькоўскім сходзе пазнаёміліся. Я ездзіў з Ангарскай на Уручча і кожны дзень вазіў дзяцей, бо для мяне было важна, каб яны навучаліся на беларускай. А Іна была супраць. Ніякай палітыкі, проста не хацела так далёка вазіць дзяцей — і самастойна перавяла дзяцей у звычайную школу побач з домам.

У 2020 сапраўды перавяла ў прыватную, але ніякай беларускасці там не было.

— А што гэта была за школа?

— Не памятаю. Здаецца, яна была ў Лошыцы. Але выцягваць прыватную школу было складана, бо я ўвесь час працаваў.

— Кім вы ў той час працавалі?

— А кім я толькі не працаваў. Напрыклад, з Паўлам Кунцэвічам, які цяпер палітзняволенны, ездзілі па вобласці і ставілі цяпліцы — нармальныя грошы былі.

Апошнія 5-6 гадоў адчуваў сябе банкаматам.

У сваіх допісах на фэйсбуку вы абвінавачваеце былую жонку ў тым, што яна не вельмі добрая маці. Калі вы сапраўды лічыце, што дзецям з ёй дрэнна, чаму не забераце іх сабе, каб гадаваць самастойна?

— Па-першае, я не выцягну гэта па грашах. Тут можна жыць аднаму, а разам з дзецьмі, нават працуючы…

Па-другое, ну вось яна мне кажа: «Ты жа можаш забраць дзяцей…», а потым «Здымі кватэру добрую», а потым «Праз суд». А вы ж ведаеце, што суд тут можа быць і год, і два. Ёй падабаецца судзіцца. Яна некалькі разоў падчас нашага шлюбу падавала на развод, а потым забірала заяву.

Экс-жонка Іллі Дабратвора, які жыве ў машыне: Калі ты не навёў парадак у сваёй сям'і, не варта наводзіць парадак у краіне

Былы актывіст Ілля Дабратвор жыве ў Варшаве проста ў сваім таксі

Актывіст Ілья Дабратвор: Я вырашыў вярнуцца ў Беларусь у наступны панядзелак. Васкрасенскі сказаў, што ўсё будзе добра

Маці пяцёх дзяцей Іна Дабратвор пасля вялікіх штрафаў з'ехала ў Польшчу

Nashaniva.com