Чаму 9 мая трэба мяняць на 8-га
Фармальная прычына таго, чаму ў СССР, а пасля на большай частцы постсавецкай прасторы, адзначалі і адзначаюць дзень перамогі над нацысцкай Германіяй не 8 мая, як ва ўсім іншым свеце, а на дзень пазней — чыста тэхнічная. Маўляў, паміж Берлінам і Масквой была розніца ў часе, што выклікала і розніцу ў датах. Але на самай справе ва ўсё гэта закладзены глыбокі ідэалагічны сэнс, піша ў фэйсбуку гісторык Аляксандр Пашкевіч.
08.05.2024 / 18:26
Сітуацыйнае ваеннае саюзніцтва паміж таталітарным СССР і заходнімі дэмакратыямі, як і заўсёды ў такіх выпадках бывае, растварылася ў паветры фактычна адразу пасля таго, як знік агульны вораг. Пасля таго шляхі былых саюзнікаў радыкальна разышліся, пачалася Халодная вайна.
Перамога ў Другой сусветнай вайне стала адным з нарожных камянёў абноўленай ідэалогіі камуністычнай дзяржавы, і ў яе інтэрпрэтацыі дасягнутая яна была савецкім народам ледзь не аднаасобна, заходнія саюзнікі добра што толькі не заміналі. Пра выратавальны ленд-ліз і баі на іншых тэатрах ваенных дзеянняў, якія несумненна ўносілі сваю немалую лепту ў агульную справу, згадвалася ў найлепшым выпадку мімаходзь, як пра нешта няважнае і другаснае.
Другая сусветная вайна ў яе савецкай версіі фактычна зводзілася да «Вялікай Айчыннай», а розніца ў датах канчатковай капітуляцыі Германіі добра клалася ў агульную канву: у іх сваё свята, а ў нас сваё.
Такая сітуацыя нязменна пратрымалася да самага краху камуністычнай сістэмы і распаду СССР. А пасля таго прынцыповай змены на большай частцы постсавецкай прасторы не адбылося таксама, бо за амаль 50 гадоў святкаванне Дня перамогі менавіта 9 мая стала ўжо натуральнай традыцыяй, перадаванай з пакалення ў пакаленне.
І, бадай, гэтая традыцыя мела б шанцы застацца назаўжды, калі б Расія ў 1990-я, па прыкладзе іншых каланіяльных імперый, здолела намацаць шляхі постімперскай трансфармацыі і больш-менш паспяхова гэтымі шляхамі пайсці.
У рэальнасці падзеі, аднак, развіваліся паводле зусім іншага сцэнарыю. Крыху паэксперыментаваўшы пры Ельцыне, падчас кіравання Пуціна расійская дзяржава цвёрда вярнулася на рэйкі аднаўлення імперыі, а непераасэнсаваная савецкая канцэпцыя Другой сусветнай вайны як «Вялікай Айчыннай» з 9 мая 1945 года як яе кульмінацыйным момантам стала адным з нарожных камянёў для культывавання імперскай пыхі ў звыродлівай форме «победобесия» і «можем повторить».
А ў лукашэнкаўскай Беларусі нічога пераасэнсоўваць нават не спрабавалі: ад самага прыходу Лукашэнкі да ўлады «Вялікая Перамога» стала падмуркам для любых спробаў гістарычнай легітымізацыі аўтарытарнага рэжыму. Да яе прызвычаіліся апеляваць для апраўдання любых, нават самых адыёзных дзеянняў, і тым самым памяць пра вайну ў гэтай форме дашчэнту дыскрэдытавалі. У ёй ужо мала чаго і засталося жывога, усё забіў панылы афіцыёз.
І з гэтым ужо нічога не зробіш.
Калі 30 ці нават 20 гадоў таму яшчэ можна было спадзявацца, што савецкая канцэпцыя Другой сусветнай у форме «Вялікай Айчыннай» можа з часам эвалюцыянаваць у нешта больш прыстойнае, то цяпер такіх ілюзій захоўвацца не павінна.
Калі імкнуцца да вяртання ў цывілізаваны свет, рабіцца часткай Еўропы, а не разбуральнага «рускага свету», то нельга заліваць новае віно ў старыя мяхі.
Памяць пра Другую сусветную вайну і яе ахвяраў мусіць намі свята захоўвацца, але савецкая яе канцэпцыя, скіраваная на супрацьпастаўленне заходняму свету, у новых умовах павінна быць абавязкова дэмантаваная — уключна з альтэрнатыўнай датай.
Трэцяга тут, на шчасце ці на жаль, нам не дадзена. І чым хутчэй пазбавяцца ад ілюзій тыя, хто на гэты конт іх яшчэ захоўвае — тым лепей.
9 мая ў другой палове перакрыюць цэнтр Мінска. Спіс вуліц
9 мая можна будзе бясплатна наведаць музеі
Лукашэнка плануе быць 9 мая на парадзе ў Маскве