Польшча на мяжы з Беларуссю будзе ўзводзіць бункеры, равы, акопы
Міністр абароны Польшчы распавёў пра планы ўмацавання мяжы
09.05.2024 / 09:50
Скрыншот трансляцыі
Міністр абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш у эфіры Radio Zet падтрымаў ідэю будаўніцтва ўмацаванняў на мяжы. Паводле яго слоў, ёсць цэлы план па ўзмацненні аховы мяжы, піша Reform.news.
«Ці павінна Польшча пачаць будаўніцтва бункераў, равоў і акопаў на мяжы з Беларуссю і Расіяй?» — спытаў у яго вядучы.
«Так», — адказаў Касіняк-Камыш.
Разам з тым міністр заклікаў не акцэнтаваць увагу выключна на фізічных умацаваннях.
«Рыхтуем цэлы план. Мы гэта робім дэ-факта, умацаванне мяжы. Я трактую гэтае пытанне трохі шырэй. Я трактую яго як узмацненне мяжы. Выпраўляем плот на мяжы польска-беларускай, узмацняем гэты плот. Ёсць вайсковая групоўка, якая пастаянна знаходзіцца ў Падляшшы, Люблінскім ваяводстве, мазавецкіх Вармінска-Мазурскім, якія падтрымліваюць памежную ахову, ёсць прысутнасць арміі. І выдаткі на гэта самыя вялікія ў 2024 годзе», — растлумачыў ён.
Міністр адзначыў, што не варта зводзіць усё да будаўніцтва ўмацаванняў. Ён звярнуў увагу на комплекс мерапрыемстваў, уключаючы прысутнасць саюзных войскаў.