Нетаньяху: Ізраіль гатовы змагацца голымі рукамі

«Але мы пераможам».

10.05.2024 / 08:38

Беньямін Нетаньяху. Фота: Amir Cohen / AP

Пасля таго як ЗША прыгразілі спыніць пастаўкі Ізраілю боепрыпасаў, калі той пачне вялікую аперацыю ў Рафаху, прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху заявіў, што Ізраіль гатовы змагацца хоць голымі рукамі, піша Бі-бі-сі.

«Калі нам давядзецца змагацца ў адзіночку, будзем змагацца ў адзіночку. Я ўжо казаў, што калі давядзецца, мы будзем біцца пазногцямі», — сказаў Нетаньяху ў відэазвароце ў чацвер.

«Але ў нас ёсць значна больш, чым пазногці, і з нашай сілай духу, і з Божай дапамогай, мы пераможам», — абвясціў ізраільскі прэм'ер.

Пра тое, што ЗША прыпыняць пастаўку зброі і боепрыпасаў Ізраілю, калі той пачне аперацыю ў Рафаху, дзе мноства ахвяр сярод палесцінцаў, сказаў у сераду ў тэлеінтэрв'ю прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. Да гэтага Злучаныя Штаты ў якасці папярэджання ўжо прытрымалі пастаўку Ізраілю чарговай партыі авіябомбаў.

Нетаньяху ў сваім відэазвароце наўпрост пра гэта не згадваў, але па сваім змесце яго гаворка відавочна была адказам амерыканцам.

Ён нагадаў, у прыватнасці, пра вайну 1948 года.

«76 гадоў таму, у вайне за незалежнасць, нас было мала, а ворагаў шмат. У нас не было зброі. Ізраіль быў пад зброевым эмбарга. Але дзякуючы велізарнай сіле духу, гераізму і адзінству сярод нас мы перамаглі», — сказаў прэм'ер.

Прадстаўнікі ААН у чацвер абвясцілі, што з панядзелка, калі Ізраіль загадаў мірным жыхарам эвакуявацца з Рафаха, адтуль беглі больш за 80 тысяч чалавек.

Ізраільская авіяцыя ўвесь тыдзень наносіць кропкавыя ўдары па Рафаху.

ААН папярэджвае, што ў Рафаху, дзе знаходзіцца каля мільёна чалавек, мясцовых жыхароў і бежанцаў з іншых раёнаў сектара Газа, канчаюцца ежа і паліва, паколькі дапамога праз бліжэйшыя КПП на мяжы сектара цяпер не паступае.

Прэзідэнт Джо Байдэн у сярэдзіне тыдня папярэдзіў Ізраіль, што ЗША спыняць пастаўкі некаторых відаў узбраенняў, калі ён пачне буйную наземную аперацыю ў горадзе Рафах у сектары Газа.

«Калі яны ўвойдуць у Рафах, я не буду пастаўляць зброю, якая заўсёды выкарыстоўвалася, каб разабрацца з Рафахам», — сказаў Байдэн у інтэрв'ю CNN, які выйшаў у эфір у сераду. Ён дадаў, што ў любым выпадку будзе старацца забяспечыць бяспеку Ізраіля.

Нягледзячы на цвёрдыя і гучныя пярэчанні ЗША, Ізраіль працягвае казаць пра гатоўнасць штурмаваць Рафах, які лічыцца апошняй значнай апорай ХАМАС у Газе.

Прадстаўнік Рады нацыянальнай бяспекі Белага дома Джон Кірбі тлумачыў, што Байдэн не лічыць, што вялікі наступ на Рафах дапаможа Ізраілю разграміць ХАМАС. Пры гэтым, запэўніў Кірбі, ЗША па-ранейшаму падзяляюць гэтую мэту з Ізраілем.

Армія Ізраіля ўзяла пад кантроль памежны пераход на мяжы сектара Газа з Егіптам

Улады Ізраіля вырашылі закрыць тэлеканал Al Jazeera у краіне

У брытанскім Лідсе дэпутат пасля перамогі на выбарах падняў сцяг Палесціны і выгукнуў «Алах Акбар»

Nashaniva.com