У Беларусі прадаюць усё больш кватэр з прапісанымі людзьмі. Але і з гэтым ёсць складанасці

Людзі, якія шукаюць сабе кватэру, часцяком натыкаюцца на аб'екты, у якіх застаюцца прапісанымі людзі. Выпісаць іх складана, бо вяртацца на радзіму яны не збіраюцца.

16.05.2024 / 19:07

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Кватэры з сюрпрызам

Чытачы распавялі, што падчас пошуку кватэры неаднаразова сутыкаліся з тым, што ў памяшканнях прапісаныя людзі, якія жывуць за мяжой і не збіраюцца прыязджаць у Беларусь.

«За час пошукаў ужо двойчы даводзілася адмаўляцца ад куплі кватэры, хоць абодва варыянты цалкам задавальнялі па стане і кошце. У абодвух выпадках на этапе ўзгаднення цаны высвятлялася, што ў іх прапісаныя сваякі гаспадара, якія жывуць за мяжой», — згадвае суразмоўца. 

Па словах чытача, пасля гэтых інцыдэнтаў ён пачаў адразу ўдакладняць, ці ёсць у кватэры людзі, якіх давядзецца выпісваць праз суд.

«Тады высветлілася, што такіх варыянтаў даволі шмат. Асабліва калі кватэра выстаўлена па прывабнай цане», — кажа мужчына.

Па словах суразмоўцы, яго сям'я не гатовая купляць кватэру з прапісанымі ў ёй людзьмі, хоць закон гэтага не забараняе, а рыэлтары кажуць, што гэта даволі распаўсюджаная практыка ў апошнія гады.

Кватэра мусіць прадавацца з дысконтам

Словы чытача пацвярджаюць і рыэлтары, якім мы патэлефанавалі пад відам патэнцыйных кліентаў. У адным з агенцтваў нам паведамілі, што без праблем возьмуцца за продаж кватэры з прапісанымі людзьмі, маўляў, мы далёка не першыя.

Рыэлтар адразу папярэдзіў, што такія кватэры трэба выстаўляць па цане, якая будзе на 10% ніжэйшай за рынкавую, каб у пакупніка была матывацыя займацца судовым працэсам.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

У іншым агенцтве нам таксама адказалі, што працуюць з нерухомасцю, у якой застаюцца прапісанымі людзі. Па словах агента, проста цяпер у яго ў продажы два такія аб'екты, яшчэ адзін нядаўна быў прададзены.

Рыэлтар таксама папярэдзіў, што такія кватэры прадаюцца мінімум на 1-2 тысячы даляраў танней за рынкавы кошт.

Пры гэтым спецыяліст звярнуў увагу на тое, што каля месяца таму прадаваць кватэры з прапісанымі ў ёй людзьмі стала складаней.

Патрэбны дазвол ад сваякоў

«Калі зарэгістраваны нейкі чужы чалавек, то гаспадар можа без праблем выпісаць яго праз суд і спакойна прадаваць кватэру. А калі гэта муж, жонка, сын ці дачка, то ўжо складаней. Выпісваць іх давядзецца ўжо новаму ўласніку жытла. Але для таго, каб прадаць нерухомасць, прапісаны блізкі сваяк мусіць даць згоду на продаж жытла, у якім ён прапісаны. Такі дазвол прапісаны ў беларускай кватэры сваяк можа зрабіць з-за мяжы і перадаць яго ў Беларусь.

Але з месяц таму адбылася нарада, падчас якой натарыусам спусцілі забарону на афармленне здзелак з нерухомасцю, калі дазвол на згоду ад прапісанага сваяка быў аформлены за мяжой.

Таму цяпер здзелкі з такой нерухомасцю можна рабіць толькі праз БТІ, бо прынамсі пакуль там без праблем прымаюць згоды, аформленыя ў іншых краінах», — патлумачыў спецыяліст.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Негалосныя ўказанні вышэйшыя за закон

Па яго словах, натарыусам загадалі спасылацца на норму, якая дазваляе прадаваць кватэры толькі на падставе даверанасці, зробленай на тэрыторыі Беларусі.

«Хоць у законе чорным па белым прапісана, што гэта норма тычыцца толькі даверанасцей на продаж жытла, на практыцы гэтыя патрабаванні натарыусы пачалі прымяняць і на згоды на продаж, хоць закон таго не патрабуе.

Таму продаж такіх кватэр цяпер адбываецца выключна праз БТІ», — патлумачыў спецыяліст.

Нагадаем, 4 верасня 2023 года Лукашэнка падпісаў указ, згодна з якім ажыццяўляць здзелкі з нерухомасцю можна толькі на падставе даверанасці, выпісанай непасрэдна на тэрыторыі Беларусі. Разам з гэтым беларусы згубілі магчымасць рабіць за мяжой новыя пашпарты і праводзіць шэраг іншых адміністрацыйных працэдур. 

Адметна, што пасля падзей 2020-2022 гадоў у Беларусі рэзка павялічылася колькасць здзелак з нерухомасцю, якія ажыццяўляліся на падставе даверанасцей. Здзелкі з нерухомасцю па даверанасці ў 2019 годзе складалі ўсяго 3-5%, у 2021-2022 іх колькасць вырасла да 10-15%, вясною 2023 года доля такіх здзелак падскочыла да 30%.

У цэнтры Мінска прадаюць «сталінку» за $825 тысяч. За што просяць такія грошы?

У Гродне прадаюць кватэру з відам на Фарны касцёл

У Мінску прадаюць кватэру з відам на КДБ. Колькі просяць за «сталінку» з тэрасай?

Даніла Луцкевіч