БЕЛ Ł РУС

Грамадства

Святароў з Шуміліна судзілі дыстанцыйна, а затрымалі не толькі іх

11.05.2024 / 17:38

Nashaniva.com

Суд над затрыманымі ў Шуміліне каталіцкімі святарамі Анджэем Юхневічам і Паўлам Лемехам адбыўся 10 траўня дыстанцыйна. Як расказалі вернікі выданню Katolik.life, затрыманых не прывозілі ў суд і разглядалі іх адміністрацыйную справу праз скайп. 

Вынік суда вернікам і духавенству не паведамілі, аднак вядома, што святары застаюцца ў зняволенні — гэта значыць, ім быў прысуджаны адміністрацыйны арышт.

Айцец Анджэй Юхневіч і айцец Павел Лемех з ордэну Місіянераў аблатаў Беззаганнай Марыі, якія служаць у дыяцэзіянальным санктуарыі ў Шуміліне, былі затрыманыя ў Шуміліне 8 траўня.

Паведамленні адносна зняволеных святароў выпусціла польская правінцыя Місіянераў-аблатаў. Яна запрасіла да малітвы «ў сувязі з цяжкім становішчам» двух місіянераў, якія былі затрыманыя, адзначаецца ў камунікаце.

Супольную малітву Ружанца прызначылі на вечар 10 траўня «ў інтэнцыі вызвалення субратоў». З гэтага таксама вынікае, што святары застаюцца за кратамі. Занепакоенасць сітуацыяй і сваю салідарнасць выказаў з Рыма генерал кангрэгацыі.

Раней польская правінцыя паведамляла, што паводле яе звестак падставай затрымання стала падазрэнне ў нейкай «дыверсійнай дзейнасці».

Katolik.life звязаўся з правінцыяй з просьбай патлумачыць, што маецца на ўвазе, бо ў польскай мове dywersyjna działalność можа мець розныя сэнсы. Аднак там адказалі, што не могуць паведаміць нічога, акрамя афіцыйна апублікаванай інфармацыі.

Акрамя таго, Katolik.life расказалі пра яшчэ адно затрыманне ў Шуміліне.

У той жа дзень, калі сілавікі прыехалі да святароў, толькі на некалькі гадзін раней, па месцы працы затрымалі свецкую верніцу, парафіянку касцёла ў Шуміліне. Гэта маладая жанчына, педагог, удзельніца душпастырства моладзі Віцебскай дыяцэзіі, раней была вакалісткай музычнага гурта. Цяпер яна таксама знаходзіцца ў зняволенні ў Віцебску.

Дарэчы, нягледзячы на зняволенне, акаўнты затрыманых у сацыяльных сетках былі актыўнымі ўдзень 10 траўня.

Чытайце таксама:

Каталіцкіх святароў у Шуміліне затрымалі нібыта за «дыверсійную дзейнасць на шкоду беларускай дзяржаве»

У Шуміліне затрымалі двух каталіцкіх клірыкаў

Радзіму наведаў адзіны ў свеце беларус-камельдул. А хто такія камельдулы?

Каментары да артыкула