Ціханоўская выступіла перад міністрамі культуры краін Еўрасаюза і перадала ў бельгійскі музей карціну Алеся Пушкіна
Падчас візіту ў Брусель Святлана Ціханоўская выступіла перад міністрамі культуры краін Еўрасаюза. У прамове лідарка падкрэсліла важнасць захавання беларускай культуры і ідэнтычнасці. Таксама Ціханоўская заклікала міністраў падтрымаць праекты, якія ўмацоўваюць беларускую ідэнтычнасць, і запрашаць беларускіх мастакоў у выгнанні на еўрапейскія фестывалі і канферэнцыі.
13.05.2024 / 23:29
Прэс-служба Ціханоўскай прыводзіць ключавыя цытаты яе выступу:
- «Беларускае змаганне за дэмакратыю — гэта яшчэ і змаганне за нашую еўрапейскую ідэнтычнасць».
- «Сёння Расія і яе марыянеткавы рэжым у Мінску робяць усё магчымае, каб сцерці нашу нацыянальную ідэнтычнасць і знішчыць усё, што звязвае нас з Еўропай».
- «Ва Украіне Расія ваюе снарадамі і танкамі. У Беларусі — прапагандай і культурай».
- Расія разглядае нашыя краіны як частку «рускага свету». Яе мэта — каланізаваць і асіміляваць. Яны спадзяюцца, што мы здадзімся, што мы адмовімся ад змагання за нашую еўрапейскую мару. Але гэтага ніколі не адбудзецца».
- «Культура не толькі аб'ядноўвае беларусаў, але і натхняе. Яна дае сілы змагацца далей».
Напрыканцы выступу Ціханоўская звярнулася да міністра-прэзідэнта Фландрыі Яна Ямбона і разам з прадстаўніцай па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета Алінай Коўшык ды намеснікам прадстаўніка Кабінета па міжнародных адносінах Уладзімірам Астапенкам перадала карціну Алеся Пушкіна «Беларускае сонца» ў знак сяброўства і падзякі за падтрымку беларусаў. Карціна будзе выстаўленая ў адным з музеяў Бельгіі.