У Польшчы выявілі «студэнцкую» частку візавага скандалу. Наступствы могуць закрануць і беларусаў

Дзясяткі тысяч замежнікаў маглі атрымаць студэнцкія візы і не прыступіць да вучобы.

14.05.2024 / 09:51

Ілюстрацыйнае фота «Наша Ніва»

Рэч у тым, што такія візы даюць магчымасць працаўладкавацца ў ЕС без атрымання дазволу на працу, таму многія «фіктыўныя» студэнты фактычна куплялі доступ да рынку працы па цане года навучання. Гэтая схема была выгадная і шэрагу прыватных ВНУ Польшчы, піша Mostmedia.io са спасылкай на Dziennik Gazeta Prawna.

Да вучобы не прыступала большасць атрымальнікаў студэнцкіх віз. Але курс вучобы яны аплачвалі — год у польскай установе адукацыі з выкладаннем на англійскай мове можа абыходзіцца прыкладна ў 3120 еўра. Некаторыя ВНУ гатовыя былі заплюшчваць вочы на студэнтаў, якія не з'явіліся на заняткі.

Схема аказалася настолькі распаўсюджанай, што ў некаторых ВНУ больш за палову студэнтаў былі замежнікамі. Напрыклад, у Вышэйшай школе кіравання і адміністрацыі ў Аполе замежнікі складаюць 61% усіх студэнтаў.

У ходзе допыту на камісіі па расследаванні скандалу віцэ-консул Польшчы ў Індыі Матэвуш Рэшчык прызнаў, што прыватныя навучальныя ўстановы Польшчы разглядаюць замежнікаў як спосаб заробку і не ў стане праверыць нават, ці сапраўды абітурыент скончыў сярэднюю школу ў сваёй краіне.

Прадстаўнік школы ў Аполе сказаў, што ў яе няма магчымасці даведацца, ці атрымаў іх патэнцыйны студэнт візу. Таму калі іншаземец не звяртаецца па атрыманне легітымацыі-аналага студэнцкага білета, — ВНУ мяркуе, што той проста не заехаў у Польшчу.

Каб выключыць схему «фіктыўных» студэнтаў у будучыні, у Польшчы плануюць увесці змены для ВНУ. Яны павінны будуць правяраць, ці ёсць у патэнцыйных студэнтаў аналаг польскага атэстата сталасці.

Таксама кандыдатам давядзецца даказаць, што яны валодаюць польскай ці ангельскай. Для гэтага ўніверсітэты павінны будуць праводзіць сумоўі.

Схему маглі выкарыстоўваць пераважна студэнты з Афрыкі і Азіі. Але яе наступствы адчуюць і беларусы. Праверкі навучэнцаў ужо ўзмацніліся.

Паведамлялася аб некалькіх выпадках, калі беларускім студэнтам адмаўлялі ў новых візах, калі ўніверсітэты не пацвярджалі, што яны сапраўды там вучацца.

Акрамя таго, некаторым з тых, каму ўхвалілі заявы, візы выдалі на больш кароткія тэрміны — не на год, а на паўгода.

Невядомыя з памылкамі ў літоўскай мове заклікаюць вешаць студэнтаў ЕГУ, якія жывуць у Літве

«Для бацькоў — балючая тэма». Студэнты расказалі, як спынілі навучанне за крок ад дыплома і не пашкадавалі

Колькі каштуе адлічыцца з беларускага медуніверсітэта? Сума ўражвае

Nashaniva.com