Усевалад Сцебурака. Пасля. Верш

Усевалад Сцебурака апублікаваў у сваім фэйсбуку новы верш.

14.05.2024 / 20:41

Фота з фэйсбука Усевалада Сцебуракі

Пасля

І расчыняцца сьветлыя вокны на сонечны бок
і кантаты сьпяюць і адздымуць прыгожыя фільмы
я б табе напісаў у адным з іх галоўную ролю каб змог, мілая…

і маршалак сьвяточны, напэўна, саб'ецца з ног
і сустрэне сябрына бяседай любога, хто пройдзе міма
я б замовіў табе там пачэснае крэсла каб змог, мілая…

І загояцца раны, і ляжа гаючы мурог,
і жыцьцё закрасуе з нястрымнай і новай сілаю
я б адвёў бы табе там найлепшае месца, каб змог, мілая…

А пакуль не вядома, што далей нам кон прыбярог -
ці агнём апячэ ці агорне анёльскімі крыламі,
я б табе пажадаў самых добрых дарог
з тых, што лягуць пад ногі, мілая…

з нізкі «невядомаму земляку».

Nashaniva.com