Магілу Прыгожына залілі бетонам

На Парахаўскіх могілках у Санкт-Пецярбургу з прыходам цяпла закіпела праца. Магіла заснавальніка ПВК «Вагнер» Яўгена Прыгожына схавалася пад тоўстым і пакуль яшчэ сырым пластом бетону. 

14.05.2024 / 23:59

Як мяркуе выданне «Фантанка», на месцы пахавання Прыгожына мае з'явіцца помнік ці нават манумент: занадта вялікая плошча заліўкі.

Якім ён будзе — пакуль загадка для шырокай грамадскасці. Верагодная дата адкрыцця — 1 чэрвеня. У гэты дзень заснавальніку ПВК «Вагнер» споўнілася б 63 гады.

Бізнесджэт з Яўгенам Прыгожыным на борце і камандзірамі ПВК «Вагнер» разбіўся 23 жніўня ў Цвярской вобласці Расіі. Пахаванне бізнэсмэна прайшло таемна на Парахаўскіх могілках — на развітанні прысутнічалі толькі самыя блізкія, а прадстаўнікі СМІ да апошняга не ведалі, дзе пахаваюць заснавальніка «Вагнера».

У кастрычніку Уладзімір Пуцін заявіў, што ў целах загінулых былі знойдзеныя асколкі гранат.

Nashaniva.com