Якія віды дзейнасці пакінуць для ІП? Сталі вядомы дэталі

Пералік відаў дзейнасці, якімі змогуць займацца індывідуальныя прадпрымальнікі, вынеслі на грамадскае абмеркаванне.

15.05.2024 / 11:49

Абмеркаванне працягнецца з 15 па 25 мая.

У будаўніцтве прапануюць дазволіць для ІП розныя віды дзейнасці — электрамантажныя працы, санітарна-тэхнічныя, сталярныя і іншыя.

У сферы сельскай гаспадаркі, напрыклад, ёсць вырошчванне збожжа, гародніны і лесанарыхтоўка. У апрацоўчай прамысловасці сярод іншага — выпуск хлебабулачных вырабаў, рамонт абсталявання, вытворчасць адзення, галаўных убораў і мэблі.

У сферы водазабеспячэння фізасобы як ІП змогуць займацца толькі зборам і апрацоўкам сцёкавых вод.

Іпэшнікам таксама збіраюцца дазволіць раздробны гандаль, тэхнічнае абслугоўванне і рамонт аўтамабіляў, паслугі па грамадскім харчаванні, дзейнасць у галіне перавозак, здачу нерухомасці, рамонт камп'ютараў, рэкламную дзейнасць і іншае (тут прыведзены не ўсе пазіцыі).

На грамадскае абмеркаванне таксама вынеслі пералік відаў дзейнасці, дазволеных для ажыццяўлення ў якасці самастойнай прафесійнай дзейнасці. У спісе 81 пазіцыя. Гэта, напрыклад, рэпетытарства, дызайн, распрацоўка сайтаў і іншае. 

Прыводзіцца таксама пералік відаў рамеснай дзейнасці. У ім ёсць выраб і рамонт розных вырабаў, выраб пражы, кавальская справа, мастацкая апрацоўка і роспіс. Са спісу выключылі шэраг работ, якія будуць лічыцца самастойнай прафесійнай дзейнасцю.

Цалкам спісы можна паглядзець тут.

Зацвердзіць пералікі плануюць да 1 ліпеня. Па відах дзейнасці, якіх не будзе ў пераліку, перастануць рэгістраваць ІП з 1 кастрычніка.

Лукашэнка падпісаў закон па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці. Што чакае ІП?

Як за год змянілася колькасць ІП у краіне?

Nashaniva.com