Беларус з расійскага мінору забіў адзін з самых хуткіх галоў у гісторыі футболу

24-гадовы Мікалай Іваноў прабіў па варотах суперніка адразу пасля розыгрышу мяча з цэнтра поля.

15.05.2024 / 23:17

Фота: ФК «Машук-КМВ»

Беларускі паўабаронца пяцігорскага «Машука-КМВ» Мікалай Іваноў забіў гол на другой секундзе матчу супраць «Хіміка» ў 14-м туры другой лігі (трэці футбольны дывізіён, група «Срэбра»).

24-гадовы Іваноў прабіў па варотах суперніка адразу пасля розыгрышу мяча з цэнтра поля і перакінуў брамніка «Хіміка».

Дзейным уладальнікам сусветнага рэкорду з'яўляецца футбаліст англійскага «Кройдана» (шосты дывізіён) Раян Хол, які ў аналагічнай сітуацыі забіў у лютым гэтага года. Тады на ўзяцце чужой брамы сышло 2,31 секунды, піша «Спорт-Экспресс».

Мікалай Іваноў выступае за «Машук» з сакавіка. Раней ён гуляў выключна за беларускія клубы: «Макслайн», мінскае «Дынама», «Мінск», «Нафтан», «Іслач» ды «Гомель».

Пазней Мікалай пракаментаваў свой гол. 

«Перад свістком пачатку гульні Артур Умамудзінавіч [Садзіраў — галоўны трэнер клуба — НН] пачаў крычаць: «Коля, Коля!» Зразумеў, што брамнік далекавата выйшаў. Вось так і адважыўся прабіць!

Перад пачаткам сезону Артур Умамудзінавіч мне прапанаваў паспрабаваць на трэніроўцы, і я быў здзіўлены, але разумеў, што ў мяне можа атрымаецца. Супернік відаць нас дрэнна разабраў, бо некалькі разоў у сезоне я ўжо так спрабаваў, але беспаспяхова. Усе былі шакаваныя, першыя секунды пасля гола ніхто нічога не зразумеў, ды я і сам падумаў, можа, гэта сон?

Я нават не ведаю, як рэагаваць, што магу трапіць у Кнігу рэкордаў Гінэса. Я проста ў шоку і пакуль не да канца разумею, што адбылося», — цытуе football.by словы беларуса.

Румынскі клуб падазрае, што замест футбаліста з «Барселоны» гуляе яго брат-блізнюк. Хочуць рабіць тэст ДНК

У фінале футбольнай Лігі чэмпіёнаў дортмундская «Барусія» згуляе з мадрыдскім «Рэалам»

«Крумкачы» прэзентавалі форму з карцінай Драздовіча

Nashaniva.com