«ЦРУ ці МІ-6. Замова транснацыянальных эліт». Прапаганда выкарыстоўвае замах на Фіца па поўнай праграме
Яшчэ не пачалося следства, але беларускія прапагандысты ўжо ведаюць вінаватых у замаху на прэм'ер-міністра Славакіі.
16.05.2024 / 17:49
Момант замаху на прэм'ер-міністра Славакіі Роберта Фіца. Скрын відэа
Замах на прэм'ер-міністра Славакіі Роберта Фіца не застаўся па-за ўвагаю беларускіх прапагандыстаў. Некаторыя толькі зрабілі перапост паведамлення, а іншыя выступілі з «глыбокім» аналізам, спрабуючы адказаць на пытанне, каму выгадна забойства.
Так аглядальнік «Мінскай праўды» Юрый Увараў на сайце выдання размясціў матэрыял пад назваю «Ад бяссілля Захад перайшоў да практыкі палітычнага тэрарызму».
Прапагандыст упэўнены, што за замахам стаяць «заходнія цэнтры прыняцця рашэнняў». Перадусім Вашынгтон і Лондан. Па яго версіі, «замах верагодней за ўсё арганізаваны ЦРУ ці МІ-6».
«Гэтыя цэнтры і іх спецслужбы рэалізуюць замову транснацыянальных эліт», — упэўнены Увараў.
Матывам для замаху паслужыла адкрытая «нацыянальна-арыентаваная пазіцыя» Фіца, якая выдзяляе яго «з усёй зграі лёкаяў-глабалістаў тыпу Макрона і Шольца».
Прапагандыст адзначае, што «ў заходніх колах Фіца называюць прарасійскім» і сцвярджае, што «сёння практычна ўсе вядучыя заходнія СМІ пішуць, што замах на Фіца — гэта папярэджанне Орбану».
Іншы вядомы прапагандыст, а цяпер і дэпутат Аляксандр Шпакоўскі на тэму замаху выказаўся ў праграме «Вечар з Уладзімірам Салаўёвым».
Шпакоўскі ўпэўнены, што за гэтым стаяць спецслужбы, якія «вельмі часта выкарыстоўваюць эмацыйна няўстойлівых экзальтаваных людзей».
«Хто вёў гэтага пісьменніка, актывіста лібертарыянскай партыі? Партыя гэтая цесна звязаная з сеткавымі структурамі Джорджа Сораса. Трэба разумець, што і Віктар Орбан у Венгрыі і Роберт Фіца ў Славакіі і Аляксандр Вучыч (прэзідэнт Сербіі — НН) актыўна змагаюцца з гэтымі структурамі, якія звілі гняздо ў Цэнтральнай Еўропе».
«У гэтай сітуацыя цалкам відавочна, што сілам, якія падтрымліваюць глабалізм, агрэсіўную еўраантлантычную арыентацыю ў Славакіі выгадная ліквідацыя прэм'ер-міністра Фіца — аднаго з нешматлікіх самастойных палітыкаў у Еўропе».
Да прапагандыстаў далучыўся і Алег Гайдукевіч. Ён запісаў відэа, у якім заявіў: «Тое, што Захад распраўляецца з непажаданымі, мы гэта даўно ўжо ведаем. Замах на Раберта Фіца — не першы і не апошні выпадак у Еўропе».
«Як заўсёды гавораць — «гэта вар'ят», «гэта няшчасны выпадак». Але чамусьці гэта заўсёды адбываецца з тымі, хто адстойвае суверэнітэт краіны і хто мае смеласць гаварыць тое, што не хочуць чуць глабалісты і заходнія эліты», — лічыць Гайдукевіч.
Прэм'ера Славакіі прааперавалі. Ён у прытомнасці
Стала вядома, хто страляў у славацкага прэм'ера Фіца
Допісы супрацоўніка «Мінскай праўды» перапоўнілі чашу цярпення кіраўніцы «Белай Русі»