Нарвежскі ПЭН прыняў у ганаровыя сябры Алеся Бяляцкага
15 мая на гадавым сходзе Нарвежскага ПЭНа філіі сусветнага абʼяднання пісьменнікаў за свабоду слова, у яго ганаровыя сябры ўрачыста прынялі зняволенага праваабаронцу Алеся Бяляцкага, піша Радыё Свабода.
16.05.2024 / 10:32
Алесь Бяляцкі
З абгрунтаваннем прапановы выступіў Ёрген Фрыднэс, генеральны сакратар Нарвежскага ПЭНа, ён жа старшыня Нарвежскага Нобелеўскага камітэта.
На сходзе паказалі фрагменты фільма «Беларусь: апошняя дыктатура ў Еўропе» пра Алеся Бяляцкага з серыі шасці стужак аб праваабаронцах «Сэрца, якое ніколі не памрэ»
На сходзе выступіла жонка Бяляцкага Наталля Пінчук.
Яна падзякавала нарвежскім творцам і нарвежскаму грамадству за разуменне і падтрымку свабодалюбных памкненняў беларусаў.
«Гэтую ўнутраную свабоду нясе ў сабе і Алесь, і ніякая турма і здзекі яго не зламаюць духоўна», — перакананая яна.
«У кароткі час адноснай свабоды Алесь знаходзіў і вяртаў у літаратурную прастору імёны і творы пісьменнікаў, рэпрэсаваных ці штучна забытых у СССР. Даследаваў новую беларускую літаратуру пачатку XX стагоддзя як складнік адраджэння мадэрнай беларускай нацыі. Але гісторыя апісала змрочную пятлю — і ў Беларусь зноў прыйшла дыктатура. Алесь без ваганняў усклаў на сябе місію праваабаронцы», — нагадала Наталля Пінчук.
Яна расказала нарвежскім творцам пра палітычных зняволеных у Беларусі, у тым ліку пісьменнікаў і журналістаў.
«Ня ведаю, калі ўдасца перадаць Алесю вестку пра гонар, які аказаў яму Нарвежскі ПЭН. Але яна засведчыць, што пра яго помніць супольнасць творцаў і ўвесь свабодны свет. Пакажа яна і ўладам, што ў свеце Беларусь не забытая, пра Бяляцкага памятае Нарвегія, на зямлі якой ён атрымаў годнасць нобелеўскага лаўрэата», — сказала Наталля Пінчук і запатрабавала вызвалення беларускіх палітычных вязняў без усякіх умоваў.
Жонка Алеся Бяляцкага паведаміла пра пагаршэнне ягонага здароўя ў турме
«У Горках сабралі адкіды з іншых калоній». Сярод якога кантынгенту апынуўся Алесь Бяляцкі