Прэзідэнт Бразіліі вырашыў не ўдзельнічаць у мірным саміце па Украіне

Бразільскія ўлады вырашылі, што ва ўдзеле прэзідэнта няма сэнсу, бо на канферэнцыі не будуць прысутнічаць абодва бакі канфлікту.

17.05.2024 / 08:54

Луіс Інасіу Лула да Сілва падчас вайсковага парада ў Дзень незалежнасці ў сталіцы краіны. 7 верасня 2023 года. Фота: Eraldo Peres / AP

Прэзідэнт Бразіліі Луіс Інасіу Лула да Сілва вырашыў не ўдзельнічаць у канферэнцыі па Украіне, запланаванай на 15-16 чэрвеня ў Бюргенштоку ў Швейцарыі. Пра гэта паведаміў тэлеканал CNN Brasil.

На гэтым тыдні Лула да Сілва абмеркаваў атрыманае запрашэнне з кіраўніком МЗС краіны Маўра Віэйрай, і яны вырашылі, што бразільскую дэлегацыю на канферэнцыі будзе ўзначальваць не прэзідэнт. Пакуль невядома, хто будзе прадстаўляць найбуйнейшую паўднёваамерыканскую краіну на сустрэчы.

Як паведамляе CNN Brasil, бразільскія ўлады вырашылі, што ва ўдзеле прэзідэнта няма сэнсу, бо на канферэнцыі не будуць прысутнічаць абодва бакі канфлікту.

Швейцарскі МЗС раней паведаміў, што Бэрн запрасіў на гэтую канферэнцыю больш за 160 дэлегацый. Расія цяпер не ўваходзіць у лік запрошаных на гэтую сустрэчу. МЗС РФ заявіў, што Расія не збіраецца ўдзельнічаць не толькі ў канферэнцыі па Украіне ў Швейцарыі, але і ў любых мерапрыемствах па «формуле міру» прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.

Nashaniva.com