Беларускія дзяржаўныя СМІ не называюць Карабах Карабахам
Для асвятлення паездкі Аляксандра Лукашэнкі і Ільхама Аліева выкарыстоўваецца эўфемізм «тэрыторыі, якія адраджаюцца».
17.05.2024 / 12:26
Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў падчас наведання горада Фізулі. Фота: pul_1 / Telegram
Аляксандр Лукашэнка наведвае тэрыторыю Нагорнага Карабаха ў Азербайджане. У аэрапорце горада Фізулі, які перайшоў пад кантроль Азербайджана ў кастрычніку 2020 года, яго сустрэў Ільхам Аліеў.
Асвятляючы гэтую падзею, беларуская прапаганда імкнецца не выкарыстоўваць назву «Нагорны Карабах». Замест гэтага пішуць «тэрыторыі, што адраджаюцца» (на рускай мове — «возрождаемые»).
Паведамленне на сайце БелТА
Паведамленне на сайце «СБ. Беларусь сёння»
Паведамленне ў тэлеграм-канале БелТА
Адзначым, што азербайджанскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва выкарыстоўвае іншае словазлучэнне — «вызваленыя тэрыторыі».
Паведамленне на сайце Азербайджанскага дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва АЗЕРТАДЖ
Выглядае на тое, што беларускія прапагандысты заўважылі нежаданне выкарыстання назвы «Нагорны Карабах» афіцыйным Азербайджанам. Але і не хочуць услед за ім выкарыстоўваць прыметнік «вызваленыя».
У кантэксце намераў афіцыйнага Мінска пашырыць эканамічнае супрацоўніцтва і дапамагчы ў аднаўленні пацярпелага ад ваеннага канфлікту рэгіёна, выкарыстоўваецца расійскі прыметнік «возрождаемые».
Нагадаем, што назва «Карабах» этымалагічна паходзіць ад цюркскага «кара» — чорны і персідскага «бах» — сад. Карабах здаўна падзяляўся на Раўнінны і Нагорны. У 1923 годзе ў складзе Азербайджанскай ССР была створана Аўтаномная вобласць Нагорнага Карабаха (з 1937 года — Нагорна-Карабахская аўтаномная вобласць — НКАВ) з цэнтрам у Ханкендзі (пазней перайменаваным у Сцепанакерт).
У 1988 годзе населеная пераважна армянамі НКАВ заявіла пра свой выхад са складу Азербайджана. У верасні 1991 года на тэрыторыі НКАВ і Шаўмянскага раёна Азербайджана была абвешчана Нагорна-Карабахская Рэспубліка (Рэспубліка Арцах), якая засталася нікім не прызнанай. Яе актыўна падтрымлівала Арменія, якая ў выніку ваенных дзеянняў пачатку 1990-х змагла ўтрымаць кантроль за гэтым рэгіёнам.
19 верасня 2023 года Азербайджан пачаў ваенную аперацыю ў Нагорным Карабаху. Вынікам яе стала вяртанне ўсёй тэрыторыі рэгіёна пад свой поўны кантроль.
Што такое Нагорны Карабах і што армяне з азербайджанцамі там дзеляць
Лукашэнка хоча забудаваць Нагорны Карабах аграгарадкамі
Францыя абвінавачвае Азербайджан у беспарадках у Новай Каледоніі