Ябацька паспрабавала патроліць беларуса з Нью-Ёрка. Але сама села ў лужыну
Даволі часта ў тыкток-акаўнты беларусаў, якія жывуць на Захадзе, прыходзяць ці то боты, ці то шчырыя прыхільнікі рэжыму, каб высмеяць эмігранцкі быт. Але спробы пераканаць, што ў Беларусі ўсё лепш, бываюць камічныя.
20.05.2024 / 07:00
Фота з інстаграма Аляксандра
Так атрымалася і ў выпадку з Аляксандрам, які год назад разам з жонкай пераехаў з Магілёва ў Нью-Ёрк. У адным з відэа мужчына кажа, што складана было пакінуць сяброў і родных, а таксама бізнэс, які будавалі гадамі — а развіталіся з ім за два тыдні, бо так склаліся абставіны.
Некалькі дзён таму блогер запісаў жартаўлівы ролік, у якім быццам бы распавядае сябру з Беларусі, што за год у ЗША змог набыць толькі пральную машыну. Відэа завірусілася, і, нягледзячы на пазнаку пра гумар, у каментарыях з’явіліся ці то боты, ці то шчырыя ябацькі. Яны і раілі вярнуцца на радзіму, бо там значна лепш, чым у ЗША, і спрабавалі высмеяць Аляксандра.
Карыстальніца тыктоку пад нікам «Совушка з Мінска» з афіцыйным гербам Беларусі на аватары не пашкадавала смайлікаў, якія рыдаюць ад смеху: «За год у мяне з'явілася ўся тэхніка ў кватэры. Вы рукі не апускайце. Гэта ж Амерыка! Шмат магчымасцяў там! Веру ў вас!!!» Жанчына ўдакладніла, што яна «звычайная бюджэтніца».
Скрыншот каментарыяў у тыктоку
Аляксандр запісаў ёй відэаадказ, у якім наглядна растлумачыў, у чым розніца паміж жыццём у Беларусі і ЗША:
— Для таго, каб нам уладкаваць свежую студыю, нам спатрэбілася пару дзён. З апошняга мы купілі вось такі тэлевізар, які каштуе 430 даляраў, што крыху менш, чым я зарабляю за адзін працоўны дзень. То-бок, каб яго купіць, мне дастаткова папрацаваць адзін дзень.
Пасля блогер знайшоў аналагічны па характарыстыках тэлевізар у Беларусі — на сайце інтэрнэт-крамы «5 элемент» гэтая мадэль каштуе 1799 рублёў.
— Калі верыць Белстату, па Магілёве сярэдняя зарплата 1344 рублі (у блогера старыя даныя, у сакавіку 2024 года сярэдняя налічаная заработная плата ў Магілёўскай вобласці склала 1774,3 рубля. — «НН»). Мы самі з Магілёва, таму бяром гэтую вобласць. Гэта значыць, вам, каб купіць такі самы тэлевізар, трэба працаваць цэлы месяц.
Як шукаць новых сяброў, калі табе больш за 30 і ты вымушаны эмігрант?