Латушка расказаў, як спрабавалі вызваліць палітвязняў у абмен на допуск Беларусі да Алімпіяды
20.05.2024 / 11:9
«Беларускія дэмакратычныя сілы адказныя, але інструменты не нашы».
Павел Латушка. Скрын відэа: mne_toje_ne_nravitsya / YouTube
Удзел у Алімпіядзе ў абмен на вызваленне палітвязняў
У новым выпуску ток-шоу «Мне таксама не падабаецца» абмяркоўвалі праблему палітвязняў.
Падчас дыскусіі кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка расказаў, што дэмакратычныя сілы Беларусі спрабавалі дамагчыся вызвалення хаця б часткі палітвязняў у абмен на допуск Беларусі да ўдзелу ў Алімпіядзе:
«Мы правялі перамовы ў некалькіх сталіцах. Нам усе паківалі галавой. Сказалі: «Супер ідэя! Бяромся». Пазней перапіска, потым менш перапіскі. Цяпер ніякіх адказаў. Алімпійскія гульні вось ужо пачнуцца».
«Мы хочам сказаць, што адказныя беларускія дэмакратычныя сілы. Так. Але інструменты не нашы», — заўважае Латушка.
«З іншага боку, — працягвае палітык, — калі нехта крытыкуе санкцыі, кажа: што ўвогуле мы маем? Мы можам сёння падняць пратэст у Беларусі? Не можам. Мы можам заблакаваць усю мяжу? На жаль, партнёры не могуць. У нас сапраўды толькі адзіны моцны інструмент ціску — санкцыі».
Чаму не выпускаюць Пачобута?
Латушка звярнуў таксама ўвагу на намаганні Польшчы па вызваленні палітвязня Андрэя Пачобута. Палітык лічыць, што рашэнне ў гэтым пытанні застаецца за Лукашэнкам: «Лукашэнка, калі захоча, можа гэта зрабіць. Але ён гэтага не хоча».
Падчас дыскусіі. Скрын відэа: mne_toje_ne_nravitsya / YouTube
З гэтым пагадзіўся кіраўнік аб'ядання былых сілавікоў «Байпол» Аляксандр Азараў. «Эканамічная сітуацыя яго задавальняе. Навошта Лукашэнку кагосьці вызваляць? Ён увогуле не бачыць у нас бок для перамоваў. Мы для яго ніхто. Мы не стварылі для яго ніякіх умоваў, каб ён задумаўся і паглядзеў у наш бок».
Былая палітзняволеная Алана Гебрэмарыям заўважыла, што сітуацыя Пачобута асаблівая:
«Гэта яго асабістая пазіцыя. Гэта вельмі моцная пазіцыя. Такіх людзей у турме, па маім досведзе, адзінкі. Большасць людзей хоча дахаты, да блізкіх, дзяцей. А не сядзець шэсць гадоў за каментар.
Анджэй — круты прыклад, але мы не можам раўняць іншых на яго. У любым выпадку рабіць захады мы абавязаны незалежна ад таго, пагодзіцца чалавек ці не. З турмы цябе не выкінуць без тваёй згоды. Таму што ім таксама патрэбны паперкі, што ты пагадзіўся».
Чытайце таксама:
Латушка расказаў, як забараняў рэперу Сярогу выступаць, калі быў міністрам культуры