Пракоп'еў пералічыў 12 ілюзій, з якімі трэба развітацца беларусам
У чым іх сутнасць?
21.05.2024 / 12:02
Напярэдадні выбараў у Каардынацыйную раду ўкраінскі блогер Аляксандр Рыкаў (BalaganOFF) зладзіў дэбаты паміж Паўлам Латушкам і Вадзімам Пракоп'евым.
У сваім уступным слове Пракоп'еў прапанаваў «практыкаванне для дарослых», без якога, па яго словах, немагчымы шлях да свабоднай еўрапейскай Беларусі — пазбавіцца ілюзій.
«Першая ілюзія — «нас чакае спецыяльная ваенная аперацыя, і вызваленне Беларусі пачнецца з Украіны». Тлумачу, чаму гэта не так. Ва Украіны быў выбар: зрабіць узброеную апазіцыю з моцным палітычным цэнтрам ці дамовіцца з Лукашэнкам. Дамоўленасць з Лукашэнкам ратуе ўкраінскія жыцці. [Таму] гэтага не адбылося, мы не ідзём па гэтым шляху. Ён скончыўся летам 2022 года».
Сярод прычын, чаму так адбылося, Пракоп'еў назваў «карупцыйную гісторыю» паміж Мінскам і Кіевам, адсутнасць зацікаўленасці ЗША («Вашынгтону гэта не трэба»), і «падыход палітычнага кіраўніцтва апазіцыі да пачатку вайны зусім не ў спартыўнай форме».
Другой ілюзіяй былы рэстаратар назваў упэўненасць у тым, што «Захад спіць і бачыць, як вызваліць Беларусь. Ён у нас у саюзніках. Не хапае толькі трохі націснуць, з ім дамовіцца і ён усё зробіць».
Трэцяя ілюзія ў спісе Пракоп'ева — «упэўненасць у тым, што ў будучым у нас будзе «роў з кракадзіламі» на расійскай мяжы».
Што не так з другой і трэцяй ілюзіямі, экс-рэстаратар не патлумачыў.
А вось на чацвёртай — «мова гэта зброя» — спыніўся больш падрабязна.
Па яго словах, упэўненасць у тым, што «калі мы вывучым мову, будзе нам шчасце», разбіваецца вельмі лёгка: «Гэта прыгожая ідэалістычная ідэя. Але ўсё ж у рэальнай палітыцы так працаваць не будзе. Для таго, каб гэта зразумець, дастаткова зазірнуць у вынікі сацапытанняў унутры Беларусі. Вы вельмі выразна ўбачыце меркаванне адносна двухмоўя».
Пракоп'еў заўважыў, што яму «не вельмі падабаецца», што на пытанне беларускай мовы «сёння змешчаны акцэнт».
«Мне падаецца, што з беларускай мовай трэба было паступіць вельмі разумна, галантна, прапусціўшы яе наперад і даць ёй дарогу. Замест гэтага мы зацыкліліся на гэтым. Магчыма, у гэтым ёсць нейкія комплексы».
Падчас дэбатаў. Скрын відэа BalaganOFF / YouTube
Пятай ілюзіяй грамадскі дзеяч назваў веру ў тое, што нас чакаюць у ЕС і НАТА.
«Украіну, якая праліла тоны крыві, не чакаюць пакуль ні ў ЕС, ні ў НАТА», — коратка патлумачыў Пракоп'еў.
Шостая ілюзія — «у Беларусі цяпер проста гарачы тарфянік. Дастаткова запалку паднесці — і будзе нацыянальнае паўстанне і майдан». Але на самой справе такога няма».
Дастаткова паглядзець на сацапытанні, на факты, колькі з'ехала беларусаў і колькі сядзіць па турмах. Дастаткова замераць псіхалагічны градус барометрам. Вы зразумееце, што гэта не так», — адзначае Пракоп'еў.
Наступная ілюзія — «калі ўся перыферыя Расіі загарыцца нацыянальна-вызваленчымі рухамі, і ў Казані, і ў Махачкале, і ў Мінску падымуцца людзі, то гэта і ёсць наш шанец».
Пракоп'еў запэўнівае, чаму гэтага не будзе і запэўнівае: «Калі ў Пуціна застанецца апошні танкавы батальён, ён паедзе менавіта ў Мінск, таму што ён вядзе вайну з Еўропай».
Ілюзіяй грамадскі дзеяч таксама назваў упэўненасць у тым, што вайскоўцы, якія знаходзяцца ў Беларусі, у выпадку расійскай агрэсіі будуць абараняць незалежнасць краіны:
«Запэўніваю вас, яны зробяць так, як украінскія вайскоўцы ў Крыме. І гэта яшчэ лепшы варыянт».
Ілюзіяй Пракоп'еў лічыць упэўненасць у тым, што «ў нас ёсць лідарства, якое адпавядае задачам. У нас ёсць сапраўдны суб'ект, які ніколі не прапусціць наступнае «акно магчымасцей», нягледзячы на тое, што мы апынуліся ў гістарычным такім тамбуры чакання».
Але грамадскі дзеяч сцвярджае, што лідарства такога няма. І праверыць гэта вельмі лёгка: «Звычайна ці вайскоўцы, ці грамадзянскія пераходзяць з таго боку ў такое лідарства. Гэта самая першая прыкмета».
Пракоп'еву не хапіла адведзенага часу на тое, каб падрабязна выказаць свой погляд. Таму сутнасць апошніх ілюзій ён патлумачыў дастаткова сумбурна:
«Партызанскі і падпольны рух немагчымы без дапамогі спецслужбаў. Гарбачоў у Маскву не прыходзіць. Трэба абапірацца [на людзей] толькі ўнутры краіны. Эміграцыя не дапаможа». Гэта цалкам няправільны тэзіс.
«Лідарства вырасце ўнутры краіны. І трэба разлічваць толькі на гэта» — глупства поўнае. Каб вырасціць лідарства ўнутры краіны, спачатку патрэбна «адліга».
Далей — «Беларусь — гэта губерня Расійскай Федэрацыі». Гэта найтупейшы тэзіс, які яшчэ і прасоўваецца на Захад. Ён нам не дапамагае.
На Захадзе і так лічаць, што мы частка Расійскай Федэрацыі. Ні структура нашага грамадства, ні яго культура, ні палітычны стан не гавораць аб тым, што мы губерня Расійскай Федэрацыі. Глупства — прасоўваць такі тэзіс на Захад».
Пракоп'еў: Я б хацеў пазмагацца за месца мэра Мінска, але кансерватары за мяне не прагаласуюць
Пракоп'еў, Колб, Жамчужны. 400 беларусаў дадалі ў расійскую базу вышуку за тры месяцы
Пракоп'еў патлумачыў, навошта ідзе ў Каардынацыйную раду