«Я шакаваная і злая». Скарлет Ёхансан абвінаваціла OpenAI у крадзяжы свайго голасу

Галівудская актрыса з беларускімі каранямі Скарлет Ёхансан публічна западозрыла гендырэктара OpenAI Сэма Альтмана ў наўмысным кланаванні яе голасу для агучкі штучнага інтэлекту (ШІ) ChatGPT і асабліва яго новай версіі Омні. Вось што Альтман заявіў у адказ.

21.05.2024 / 17:53

Галівудская актрыса Скарлет Ёхансан і гендырэктар кампаніі OpeanAI Сэм Альтман. Фоты: Evan Agostini / Patrick Semansky / AP

Каманда юрыстаў Скарлет Ёхансан накіравала две скаргі ў кампанію OpenAI з-за наяўнасці ў нейрасетцы ChatGPT «вельмі падобнай на голас актрысы» агучкі пад працоўнай назвай Sky. Актрыса заяўляе, што ў мінулым гендырэктар OpenAI Сэм Альтман сам прасіў Ёхансан агучыць менавіта гэты галасавы рэжым, але яна адмовілася, піша выданне The Verge.

Выданне адзначае, што галасавы рэжым Sky (адзін з 5 асноўных галасоў ChatGPT) быў выкарыстаны для дэманстрацыі новай версіі нейрасеткі пад назвай Омні, калі менавіта гэтым голасам штучны інтэлект размаўляў з карыстальнікамі. 

Гэтая агучка існавала і раней, аднак версія Омні «напоўніла гэты голас жыццём і эмоцыямі», і яна стала вельмі падобная на рэальны голас Скарлет Ёхансан, што і выклікала абурэнне актрысы, заявілі ў камандзе юрыстаў Ёхансан.

Акрамя таго, у сваёй скарзе актрыса намякнула, што ў Сэма Альтмана ёсць на яе фетыш. Уся праблема ў фільме «Яна» («Her») 2013 года, які атрымаў 4 прэміі Оскар, дзе Скарлет Ёхансан агучыла «Саманту» — нейрасетку, з якой мае зносіны галоўны герой фільма.

«Самантай» не раз публічна захапляўся Сэм Альтман і ён зрабіў гэта яшчэ раз, калі галасавы рэжым Sky толькі стаў даступны для карыстальнікаў, намякнуўшы на падабенства новага рэжыму з голасам Скарлет Ёхансан у фільме, кажуць юрысты актрысы.

У сваю чаргу, Альтман у адказ на абвінавачванні Ёхансан заявіў, «што голас Sky не з'яўляецца голасам актрысы, і ён ніколі не хацеў, каб ён быў падобны на яе».

«Мы выбралі іншага чалавека для агучвання Sky яшчэ да любых нашых кантактаў з міс Ёхансан. З-за павагі да яе мы прыпынім выкарыстанне голасу Sky у нашых прадуктах. Мы прыносім прабачэнні Скарлет за тое, што не змаглі дасягнуць з ёй паразумення», — адказаў Сэм Альтман у каментарах для выдання The Verge.

У выніку і сама кампанія OpenAI абвясціла, што «на пэўны час прыбярэ голас Sky з ChatGPT і дапрацуе яго».

Майкл Дуглас і Скарлет Ёхансан аказаліся далёкімі сваякамі. Продкі абаіх паходзяць з Беларусі

«Я зладзіла ім ядзерны выбух». Амерыканка дамаглася аўтарскіх правоў на кнігу, напісаную ChatGPT. Якім чынам?

Гендырэктар OpenAI Сэм Альтман таемна ажаніўся

Nashaniva.com