Узмацніць мяжу і забыць? Што азначае для Беларусі жаданне Польшчы выдаткаваць $2,5 мільярда на ўзмацненне мяжы

Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск днямі заявіў, што Польшча вылучыць $2,5 мільярда на ўзмацненне ўсходняй мяжы. Такое рашэнне падтрымліваюць 64,3% апытаных палякаў. 

24.05.2024 / 17:20

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Michal Dyjuk/AP

Еўропа адмяжоўваецца ад нас і пакідае сам-насам з Расіяй?

«Мы пачынаем вялікі праект будаўніцтва бяспечнай мяжы, уключаючы сістэму ўмацаванняў, такі рэльеф мясцовасці, экалагічныя рашэнні, якія зробяць гэтую мяжу непрыдатнай для патэнцыйнага ворага», — заявіў Туск.

Улічваючы тое, што працягласць беларуска-польскай мяжы складае 398 кіламетраў, можна меркаваць, што на яе ўзмацненне спатрэбіцца не толькі шмат грошай, але і часу.

Гэта як мінімум намякае на тое, што ў Польшчы ўсведамляюць, што ў агляднай будучыні Беларусь так і застанецца краінай, ад якой будзе сыходзіць небяспека. Іншымі словамі — на хуткія дэмакратычныя перамены яны не разлічваюць.

«Палякі рэагуюць на тыя выклікі, якія ёсць сёння»

Такія дзеянні з боку польскага ўраду, палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч трактуе наступным чынам: 

«Палітыкі жывуць сённяшнім днём і вырашаюць тыя задачы і выклікі, якія сёння стаяць перад краінай і ўрадам. Таму яны не могуць кіравацца нейкімі перспектывамі і надзеямі, якія невядома калі будуць рэалізаванымі. Гэта не палітычны падыход», — тлумачыць Карбалевіч.

Валер Карбалевіч. Фота: «Наша Ніва»

Аналітык адзначае, што беларуская мяжа для Польшчы на сёння сапраўды з'яўляецца рэальнай праблемай і пагрозай. Напружанне на мяжы адбываецца, як вайсковае, так і з дапамогай мігрантаў.

Таму, на думку Карбалевіча, палякі рэагуюць на тыя выклікі, якія ёсць сёння, а не бяздзейнічаюць у спадзяванні на тое, што некалі сітуацыя можа змяніцца ў іншы бок, бо ў Беларусі зменіцца рэжым.

Пры гэтым аглядальнік лічыць, што калі раптам у Беларусі адбудуцца перамены, то праект можна будзе згарнуць.

«Берлінскі мур разбурылі ў кароткі час. І там сцяна была буйнейшая і мацнейшая за тую, якую цяпер будуюць на мяжы з Беларуссю», — прыводзіць прыклад Карбалевіч.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ён кажа, што польскі ўрад адлюстроўвае інтарэсы Польшчы і польскага грамадства. Ён вырашае польскія нацыянальныя праблемы, а думаць пра Беларусь і беларускія перспектывы — гэта задача беларусаў, а не польскага ўраду.

«Польшчы і яе ўраду было б выгадна, каб на ўсходняй мяжы была дэмакратычная, дружалюбная еўрапейская Беларусь, але змяніць нашу краіну яны не ў іх сілах. Таму яны робяць тое, што ім пад сілу — узмацняюць мяжу», — тлумачыць аналітык.

Рэакцыя на агрэсіўныя паводзіны 

Каментуючы рашэнне Польшчы даць $2,5 мільярда на ўзмацненне мяжы з Беларуссю, Валер Кавалеўскі адзначае, што нам трэба зразумець логіку прыняцця рашэнняў нашымі суседзямі.

Валер Кавалеўскі. Фота: «Наша Ніва»

«Для іх (палякаў — «НН») безумоўным прыярытэтам будзе бяспека сваёй краіны і грамадства. Яны ўважліва сочаць за падзеямі ў Беларусі, за тымі ваяўнічымі заявамі, якія выдае рэжым, бо ідуць даволі недвухсэнсоўныя пагрозы на адрас нашых суседзяў.

Нават прызначэнне новага кіраўніка Генштаба само па сабе з’яўляецца пэўным сігналам таго, куды можа разварочвацца палітыка рэжыму.

Верагодна, яны лічаць, што выбудоўванне такой жалезнай заслоны на мяжы з Беларуссю — гэта добрая ідэя.

Але мой погляд — ніякай жалезнай заслоны паміж Еўропай і Беларуссю як еўрапейскай краінай быць не павінна».

Такую пазіцыю Кавалеўскі абгрунтоўвае ў тым ліку тым, што ўмацаванне мяжы не вырашае праблемы, бо рэжым таксама эвалюцыянуе ў сваіх рэпрэсіях і пагрозах.

Фота: скрын з відэа

Трэба вылечыць «хваробу», а не пабароць толькі адзін з сімптомаў

«Можна сёння інвеставаць $2,5 мільярда, а праз два гады высветліцца, што трэба дадаць яшчэ $5 мільярдаў. Таму гэта не вырашэнне праблемы. Мы павінны інвеставаць у вырашэнне крыніцы праблемы. А крыніцай усіх праблем з’яўляецца рэжым Лукашэнкі».

Умацаванне мяжы Кавалеўскі называе тактычнымі захадамі па забеспячэнні бяспекі сваіх краін.

«Магчыма, выбудова ўмацаванняў на мяжы дапаможа змагацца з сімптомамі, але гэта не вылечвае хваробу».

Палітык лічыць, што цалкам вырашыць праблему бяспекі ў рэгіёне можна толькі праз з'яўленне дэмакратычнай Беларусі. Менавіта змену рэжыму Лукашэнкі на дэмакратычны Кавалеўскі называе тымі «лекамі», якія дапамогуць цалкам вылечыць «хваробу», а не перамагчы толькі адзін з сімптомаў.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Лукашэнка сам не хоча, каб беларусы з'язджалі на Захад

«Пры гэтым мы ўсведамляем, што вызваленне Беларусі ад дыктатуры і расійскага імперыялізму — гэта найперш абавязак беларускага народа, бо кожны народ сам мусіць змагацца за сваю свабоду і незалежнасць. Але тут нам патрэбная дапамога».

Украіна атрымлівае такую дапамогу ў барацьбе супраць расійскай агрэсіі, але і беларусы яе таксама заслугоўваюць, бо мы таксама змагаемся і з дыктатурай, і з расійскай агрэсіяй, хоць яна і адбываецца па іншых лякалах з выкарыстаннем іншых інструментаў».

Палітык таксама выказвае меркаванне, што любыя заслоны на шляху Беларусі і беларусаў у Еўропу граюць на руку Лукашэнку. І тычыцца гэта ў тым ліку такіх побытавых пытанняў, як складанасці з атрыманнем віз.

«Лукашэнка сам не хоча, каб людзі бачылі знешні свет. Ён хоча, каб людзі не з’язджалі з краіны, а заставаліся фактычна яго рабамі, працавалі, плацілі падаткі і не лезлі ў палітыку. Ён не хоча, каб беларусы ехалі вучыцца на Захад. Таму цяпер і затрымліваюць выдачу атэстатаў выпускнікам, каб яны не маглі паступаць у заходнія ўніверсітэты.

Таму жалезная заслона паміж нашай краінай і Еўропай адназначна не ў інтарэсах людзей і не ў інтарэсах Беларусі», — упэўнены палітык.

Даніла Луцкевіч