Прэзідэнт Макрон паляцеў у ахопленую бунтам Новую Каледонію

Аўстралія і Новая Зеландыя тым часам пачалі эвакуяваць са сталіцы Новай Каледоніі сваіх грамадзян і іншых замежнікаў.

22.05.2024 / 08:45

Спаленыя ў Нумеа аўтамабілі. Фота: Nicolas Job / AP

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон у аўторак вечарам вылецеў на ціхаакіянскі архіпелаг Новая Каледонія — заморскую тэрыторыю Францыі, дзе ўжо тыдзень працягваюцца беспарадкі з падпаламі будынкаў і забойствамі, піша Бі-бі-сі.

Аўстралія і Новая Зеландыя тым часам пачалі эвакуяваць са сталіцы Новай Каледоніі, Нумеа, сваіх грамадзян і іншых замежнікаў.

Да далёкага архіпелага прэзідэнцкі самалёт даляціць толькі калі там будзе ўжо чацвер. Макрон сустрэнецца з мясцовымі чыноўнікамі, палітыкамі і прадстаўнікамі суполак і, паводле афіцыйных паведамленняў, абмяркуе з імі наладжванне дыялогу і аднаўленне разбуранага.

«Прэзідэнт правядзе дыскусіі з усімі сіламі ў Новай Каледоніі. Мэта — падрыхтаваць аднаўленне. Прэзідэнт таксама ляціць туды, каб аднавіць дыялог», — цытуе агенцтва AFP прэм'ер-міністра Францыі Габрыэля Аталя.

Беспарадкі ў Новай Каледоніі ўспыхнулі тыдзень таму. Частка карэнных жыхароў архіпелага, канакоў, пачала такім чынам пратэставаць супраць прынятага парламентам у Парыжы закона, паводле якога права голасу на выбарах атрымаюць прыезджыя з Францыі, якія пражылі ў Новай Каледоніі 10 гадоў.

Канакі, якія складаюць крыху больш за 40% з 270-тысячнага насельніцтва Новай Каледоніі, асцерагаюцца, што ў выніку знізіцца палітычная вага іх абшчыны.

У ходзе беспарадкаў былі забітыя шэсць чалавек, пры гэтым, як перадае агенцтва AFP, трое з іх, канакі, былі застрэленыя атрадамі самаабароны іншых этнічных абшчын.

Францыя даслала ў Новую Каледонію падмацаванне з 1050 жандараў, і ў апошнія дні сітуацыя стала крыху спакайнейшай, але да поўнага аднаўлення парадку яшчэ вельмі далёка.

Мэр сталіцы Нумеа Соня Лагард у аўторак сказала ў эфіры французскага тэлеканала BFMTV, што за папярэднюю ноч былі падпаленыя дзве школы і 300 аўтамабіляў мясцовага дылера кампаніі Renault.

Соня Лагард, сябра Партыі Макрона «Рэнесанс», заклікае прэзідэнта «зрабіць паўзу» ў працэсе ўвядзення новага закона ў дзеянне.

Французская апазіцыя, былыя прэм'ер-міністры Францыі і лідары іншых ціхаакіянскіх дзяржаў і тэрыторый таксама лічаць, што Макрону варта адмяніць або прыпыніць выбарчую рэформу ў Новай Каледоніі.

З-за беспарадкаў зачыніўся для камерцыйных рэйсаў аэрапорт Нумеа, і на востраве затрымаліся сотні замежнікаў.

У аўторак Аўстралія вывезла двума бартамі 108 сваіх і чужых грамадзян, яшчэ 50 эвакуяваў Новазеландскі вайскова-транспартны самалёт. Як паведамляюць улады Новай Каледоніі, у бліжэйшыя дні плануюцца новыя эвакуацыйныя рэйсы.

Новая Каледонія месціцца ў Ціхім акіяне прыкладна за 1300 км на ўсход ад Аўстраліі і ў 2000 км на поўнач ад Новай Зеландыі. Яна была далучана да французскай каланіяльнай імперыі ў 1853 годзе.

У 1946 годзе яна атрымала статус заморскай тэрыторыі, і ўсе яе жыхары, уключаючы канакоў, здабылі грамадзянства Францыі.

Новая Каледонія — даволі заможная тэрыторыя: ВУП на душу насельніцтва ў ёй — амаль 35 тыс. даляраў — больш, чым у паловы еўрапейскіх краін.

Беспарадкі ў Новай Каледоніі — жандары разблакавалі дарогу з аэрапорта, ліквідаваўшы 76 барыкадаў і завалаў

Францыя абвінавачвае Азербайджан у беспарадках у Новай Каледоніі

На рэферэндуме аб незалежнасці Новай Каледоніі ад Францыі ў 2021 годзе амаль усе прагаласавалі супраць

Nashaniva.com