МЗС Літвы назвала ініцыятыву Расіі наконт змены марской мяжы ў Балтыйскім моры правакацыяй

У сераду для падрабязнага тлумачэння ў МЗС будзе запрошаны прадстаўнік Расіі, а адказ Літвы будзе ўзгоднены з партнёрамі.

22.05.2024 / 10:53

Балтыйскае мора каля Зяленаградска Калінінградскай вобласці. Фота: Victoria Koltsova / vecteezy.com

Учора Расія прапанавала змяніць мяжу з Літвой і Фінляндыяй у Балтыйскім моры ў аднабаковым парадку.

З праекта вынікае, што Расія збіраецца абвясціць сваімі ўнутранымі марскімі водамі частку акваторыі на ўсходзе Фінскага заліва, а таксама побач з гарадамі Балтыйск і Зеленаградск у Калінінградскай вобласці. Плануецца змяніць геаграфічныя каардынаты кропак, якія вызначаюць становішча зыходных ліній, ад якіх адмераецца шырыня тэрытарыяльнага мора Расіі, прылеглай зоны ўзбярэжжа і выспаў.

Аўтары законапраекта заявілі, што цяперашнія каардынаты ўстаноўленыя пастановай Саўміна СССР ад 1985 года і «не ў поўнай меры адпавядаюць сучаснай геаграфічнай абстаноўцы», бо былі зафіксаваныя «па марскіх навігацыйных картах дробнага маштабу», заснаваных «на працах сярэдзіны XX стагоддзя».

У МЗС Літвы заяўляюць, што такія дзеянні Расіі разглядаюцца як наўмысная, мэтанакіраваная, нарастаючая правакацыя, накіраваная на запалохванне суседніх краін і іх грамадскасці, піша LRT.

«Гэта яшчэ адзін доказ таго, што агрэсіўная і рэвізіянісцкая палітыка Расіі уяўляе пагрозу бяспецы суседніх дзяржаў і ўсёй Еўропы», — гаворыцца ў паведамленні міністэрства.

Ведамства інфармуе, што ў сераду для падрабязнага тлумачэння будзе запрошаны прадстаўнік Расіі, а адказ Літвы будзе ўзгоднены з партнёрамі. 

«Літва нагадвае і заклікае Расію паважаць і выконваць агульнапрызнаныя прынцыпы і нормы міжнароднага права, а таксама міжнародныя і двухбаковыя пагадненні аб непарушнасці межаў, а менавіта: дамову аб асновах міждзяржаўных адносін 1991 года, дамову аб дзяржаўнай мяжы 1997 года, дагавор аб размежаванні выключнай эканамічнай зоны і кантынентальнага шэльфа ў Балтыйскім моры 1997 года, пагадненне аб перасячэнні выключных эканамічных зон і межаў кантынентальнага шэльфу ў Балтыйскім моры 2005 года, а таксама іншыя пагадненні», — гаворыцца ў паведамленні.

Старшыня парламенцкага камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне Арвідас Поцюс лічыць, што планы Расіі па змене межаў з Літвой і Фінляндыяй у Балтыйскім моры варта разглядаць як чарговае запалохванне, спробу адгаварыць захад ад дапамогі Украіне.

«Я думаю, гэта чарговая спроба запалохаць і пагражаць. Расея хоча адгаварыць захад ад дапамогі Украіне, і ў гэтай рыторыцы няма нічога новага», — сказаў Поцюс агенцтву ELTA.

Расія вырашыла самачынна зрушыць мяжу з Літвой і Фінляндыяй у Балтыйскім моры

У самалётаў, якія ляцяць над Балтыкай, пачасціліся збоі праз перашкоды з GPS. За гэтым можа стаяць Расія

Латвія, Літва і Эстонія абвінавацілі Расію ў падаўленні сігналаў GPS у Балтыйскім моры

Nashaniva.com