Гарцуева: Я была сведкай на вяселлі Эйсмант. Цяпер не ведаю, ці змагу паглядзець ёй у вочы

У новым выпуску ток-шоу «Жыццё-маліна» акторка Купалаўскага тэатра Валянціна Гарцуева расказала пра сваё сяброўства з Наталляй Эйсмант, прэс-сакратаркай Аляксандра Лукашэнкі.

25.05.2024 / 13:32

Валянціна Гарцуева і Наталля Эйсмант. Калаж 

Як згадвае Валянціна Гарцуева, з Наталляй Эйсмант яны паступілі на адзін акцёрскі курс:

«Наша сяброўства пачалося на другім курсе. У мяне быў складаны характар. Яна таксама не падарунак. Дзесьці на гэтай глебе мы сышліся. Здаецца, мы былі найлепшымі сяброўкамі. Гэта частка майго мінулага жыцця, і там не было нічога дрэннага».

Гарцуева згадвае, што была сведкай на вяселлі Наталлі Эйсмант. «На ім была частка супрацоўнікаў тэлебачання і частка тэатральнай суполкі. Мы разбіліся на групкі. Вось гэта я запомніла. Гэта былі дзве тусовачкі».

Актрыса прыгадвае, што на момант прызначэння Наталлі Эйсмант прэс-сакратаркай Лукашэнкі яны вельмі рэдка сустракаліся:

«Скончылася студэнцтва, скончыліся агульныя інтарэсы. Кожны будаваў сваё жыццё. Яна звязала яго з дзяржаўным тэлебачаннем. Я — з тэатрам. Не стала агульных тэм, каб паразмаўляць».

Валянціна Гарцуева. Скрын відэа malina_by / YouTube

Па словах Гарцуевай, апошні раз са сваёй былой сяброўкай яна сустрэлася прыкладна ў 2019 годзе на афіцыйным мерапрыемстве, якое праходзіла ў будынку «БелЭкспа»:

«Я была з нагоды прызначэння [званняў] заслужаных, народных артыстаў. Калі раздаваліся медалі, граматы. Тады мне далі медаль Францыска Скарыны. Вось там яна падышла да мяне, сказала, што вельмі за мяне радая. Я падзякавала».

На пытанне, што цяпер Валянціна Гарцуева сказала б сваёй былой сяброўцы пры сустрэчы, яна адказала:

«Так не станецца. Калі ідзе размова пра злачынствы такога маштабу, то я не ведаю, што тут можна казаць. Гэты чалавек быў для мяне сябрам. Я памятала Наташу, як чалавека, які ў цяжкую хвіліну дапаможа, якой можна патэлефанаваць ноччу, якому можна было даверыць сакрэты.

Я абсалютна нічога не ведаю і не зведаю пра чалавека, які з'яўляецца часткай рэжыму, які на гэты рэжым працуе і, магчыма, удзельнічаў у гвалце. Таму, прабачце, я не думаю, што калі-небудзь штосьці змагу ёй сказаць, нават паглядзець у вочы».

Прапаганда спрабуе адмыць Наталлю Эйсмант: кажуць, што яе «Ролекс» каштуе $100

«Нармальная ж была. Што з ёй здарылася?» Што Наталля Эйсмант хавае пра 2020 год

Якімі кватэрамі і аўтамабілямі валодае сям'я Эйсмантаў?

Nashaniva.com