Урапатрыятызм даў заднюю. З дота пад Ляхавічамі сатруць надпісы, якія праслаўлялі «Вялікую перамогу»

Мясцовыя ўлады прызналі, што збудаванне прызначалася для абароны ад тых, каго яны хацелі ўшанаваць.

23.05.2024 / 12:24

Даўгачасны агнявы пункт (дот) пад Ляхавічамі. Скрыншот відэа

У пачатку красавіка «Наша Ніва» пісала пра тое, што на дзяржаўным тэлебачанні выйшаў прапагандысцкі сюжэт «Дарога да Перамогі. Партызаны Ляхавіцкага раёна», у якім паказалі стары абарончы жалезабетонны бункер, на сцяне якога выведзеныя лічбы «1941—1945», пяціканцовая зорка і георгіеўская стужка. 

Дот досыць пазнавальны, бо месціцца акурат каля дарогі Ляхавічы-Баранавічы, менавіта таму яму і вызначылі ролю прапагандысцкага стэнда. 

Але тыя, хто наносіў патрыятычныя надпісы і сімвалы, відавочна, не ведаў гісторыю.

Польскія доты каля дарогі Баранавічы-Ляхавічы. Фота: Спорт і турызм Ляхавіцкага раёна 

Рэч у тым, што дот быў пабудаваны ў 1937-1939 гадах палякамі для стварэння Баранавіцкага ўмацаванага раёна ўздоўж левага берага Шчары. Канкрэтна гэта ўмацаванне было ўзведзена каля вёскі Дайнякі ў сістэме групы сучасных дотаў на адрэзку Дарава-Лабузы.

Размешчаны доты былі так, каб абараняць прыгранічны польскі раён ад бальшавіцкай навалы з усходу, то-бок ад Чырвонай Арміі.

У тэлесюжэце сцвярджаецца, што дот быў узведзены ў часы Першай сусветнай вайны, але гэта няпраўда. Доты таго часу будаваліся на іншым, заходнім беразе Шчары.

Пра тое, што польскія доты неяк выкарыстоўваліся ў часы Другой сусветнай вайны, а тым больш пры абароне Беларусі ад нацыстаў — ніякіх звестак няма. Што не перашкодзіла ўключыць іх спіс аб'ектаў мясцовага патрыятычнага пантэона.

Зварот чытача. Фота: тэлеграм-канал «Ляхавіцкага весніка»

На гістарычную недакладнасць звярнуў увагу адзін з чытачоў мясцовай раёнкі «Ляхавіцкі веснік», які абурыўся тым, што польскае збудаванне без аніякіх доказаў выдаюць за дот Вялікай Айчыннай вайны. Праз тыдзень газета ў сваім тэлеграм-канале апублікавала адказ мясцовага ідэолага Вольгі Бурак.

Чыноўніца прызнала, што нанесены «нявызначанай асобай» надпіс «1941-1945» не адпавядае гістарычнаму перыяду, і паабяцала, што яго прыбяруць з дота. 

Хто ж мог быць гэтай «нявызначанай асобай»? На «дотах Першай сусветнай вайны», як іх называюць у дзяржаўных медыя, уздоўж дарогі Ляхавічы-Баранавічы ўвесь час праводзяцца працы па навядзенні парадку. 

Старшыня райсавета Юрый Чаранкевіч і дзяўчаты з БРСМ на суботніку каля польскіх дотаў. Фота: тэлеграм-канал «Ляхавіцкага весніка»

У канцы красавіка 2024 года на суботніку парадак вакол іх наводзілі мясцовыя дэпутаты, супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях і актывісты Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Бээрэсэмаўцаў прывозілі чысціць доты і ў 2019 годзе. Тады першы сакратар райкама арганізацыі распавядала падлеткам, што ў часы Першай сусветнай вайны тут праходзіла прыфрантавая зона, хоць гэтыя збудаванні ніякага дачынення да таго перыяду не мелі.

Бээрэсэмаўцы чысцяць польскі дот. Фота: тэлеграм-канал «Ляхавіцкага весніка»

Даведацца пра гэта можна было проста праз пошук у інтэрнэце – інфармацыі пра гэтыя абарончыя збудаванні шмат, і яна досыць канкрэтна ўказвае на тое, кім і для чаго доты былі пабудаваныя.

Так што пытанне, якія «нявызначаныя асобы» маглі беспакарана нанесці надпісы на доце, што добра відаць з дарогі паміж райцэнтрамі, чыста рытарычнае. У лукашэнкаўскай Беларусі гістарычная памяць абсалютна сляпая — для афіцыйнага наратыву сапраўды існуе толькі адна вайна.

Пра польскія доты міжваеннага часу могуць распавядаць як пра доты Першай сусветнай вайны, а пасля наносіць на іх надпісы, што адсылаюць да падзей Другой сусветнай — ніякага дысанансу ў чыноўнікаў гэта не выклікае.

Стары дот пад Ляхавічамі выкарыстоўваюць для прапаганды «Вялікай перамогі». А яго будавалі для абароны ад СССР

Ф. Раўбіч