Ваш кішэчнік можа ўплываць на ваша сацыяльнае становішча і паводзіны ў грамадстве — новае даследаванне
Вынікі новага даследавання паказваюць, што харчовыя дабаўкі, якія рэгулююць мікрабіём кішэчніка, могуць змяніць працэс прыняцця чалавекам рашэнняў у сацыяльным кантэксце.
23.05.2024 / 15:25
Ілюстрацыйны здымак. Фота: Depositphotos.com
Вядома, што кішэчнік і мозг узаемадзейнічаюць двунакіравана і складана. Асобны напрамак даследаванняў у галіне біялогіі і нейранавук вывучае, як мікрабіём кішэчніка (сукупнасць мікробаў, сярод якіх бактэрыі, вірусы і грыбкі ў кішэчніку) уплывае на паводзіны, пазнанне і функцыю мозгу ў яго гаспадара.
Напрыклад, папярэднія даследаванні паказалі, што ў мышэй, пазбаўленых мікраарганізмаў у кішэчніку, назіраюцца сацыяльныя парушэнні і зніжаюцца трывожныя паводзіны. Імплантацыя мікрабіёму людзей з расстройствам аўтычнага спектру стэрыльным ад мікраарганізмаў мышам прывяла да таго, што яны праявілі паводзіны, падобныя да аўтызму.
Нядаўняе даследаванне на людзях паказала, што альфа-разнастайнасць мікрабіёму кішэчніка (разнастайнасць розных мікробаў у адным узоры) ніжэй у пацыентаў з сімптомамі дэпрэсіі, а яго бэта-разнастайнасць (разнастайнасць розных мікробаў паміж двума ўзорамі) значна больш у пацыентаў з расстройствам аўтычнага спектру.
У сукупнасці ўсе гэтыя даследаванні паказваюць, што мікрабіём кішэчніка можа адыгрываць мадэлюючую ролю ў сацыяльным пазнанні і паводзінах. На гэтым фоне мэтай новага даследавання, вынікі якога апублікаваны ў часопісе Нацыянальнай акадэміі навук ЗША PNAS NEXUS, было вывучыць уплыў складу мікрабіёму кішэчніка чалавека на прыняцце сацыяльных рашэнняў і праліць святло на асноўныя механізмы па восі мікрабіёта — кішэчнік — мозг.
Гульня «Ультыматум»
Каб вызначыць, ці можа склад мікрабіёму кішэчніка чалавека ўплываць на прыняцце рашэнняў у сацыяльным асяроддзі, даследчыкі выкарыстоўвалі паводніцкія тэсты, у тым ліку знакамітую гульню «Ультыматум».
Гульня выкарыстоўваецца ў даследаваннях па эксперыментальнай і паводзінскай эканоміцы. Яе сутнасць у тым, што аднаму гульцу даецца сума грошай (напрыклад, 10 еўра), якую ён павінен падзяліць (у роўных долях ці не) з другім гульцом. Апошні мае права адхіліць прапанову, калі палічыць яе недастаткова справядлівай. У гэтым выпадку ніводны з гульцоў не атрымлівае грошай.
Здаецца рацыянальным, што якую б суму вышэй за нуль першы гулец не прапанаваў другому, апошняму больш выгадна пагадзіцца, бо ў такім выпадку абодва заробяць. Але ў рэчаіснасці, як паказалі даследаванні, першы ўдзельнік прапануе партнёру 30-40% ад агульнай сумы, а другі ў імкненні справядлівага стаўлення да сябе, хутчэй за ўсё адхіліць такую нявыгадную для сябе прапанову.
Адмова ад грошай эквівалентна таму, што навукоўцы называюць «альтруістычным пакараннем». Для другога гульца аднаўленне роўнасці (ніхто не атрымлівае грошай) часам здаецца важнейшым, чым атрыманне ўзнагароды. Такім чынам гульня «Ультыматум» выкарыстоўваецца як эксперыментальны спосаб вымярэння адчувальнасці да справядлівасці.
Эксперымент
Для свайго эксперыменту даследчыкі запрасілі 101 чалавека. На працягу сямі тыдняў 51 удзельнік прымаў камерцыйна даступныя харчовыя дабаўкі, якія змяшчаюць прабіётыкі (карысныя бактэрыі) і прэбіётыкі (пажыўныя рэчывы, якія спрыяюць каланізацыі бактэрый у кішэчніку). Астатнія 50 чалавек атрымлівалі плацэба. Усе яны гулялі ў «Ультыматум» на працягу двух сесій — у пачатку і ў канцы перыяду прыёму дабавак.
Вынікі даследавання паказваюць, што група, якая атрымлівала дабаўкі, была значна больш схільная адхіляць няроўныя прапановы ў канцы сямі тыдняў, нават калі размеркаванне грошай было ў нязначнай ступені незбалансаванае. І наадварот, група плацэба паводзіла сябе аднолькава падчас першай і другой сесій тэсціравання.
Больш за тое, змяненне паводзін у групе, якая прымала дабаўкі, суправаджалася біялагічнымі зменамі: удзельнікі, у якіх у пачатку даследавання быў найбольшы дысбаланс паміж двума тыпамі бактэрый, якія дамінуюць у кішэчнай флоры (Firmicutes і Bacteroidetes), мелі найбольш значныя змены яе складу пры прыёме дабавак. Яны праявілі найбольшую адчувальнасць да справядлівасці падчас тэстаў.
Навукоўцы выявілі і прычынны механізм. Яны заўважылі, што пасля сямітыднёвага прыёму пра– і прэбіётыкаў ва ўдзельнікаў назіралася моцнае зніжэнне ўзроўню тыразіну — амінакіслоты-нейратрансмітара, якая з'яўляецца папярэднікам дафаміну і ўдзельнічае ў механізме ўзнагароджання мозгу.
Аўтары адзначаюць, што пакуль рана казаць аб тым, што кішачныя бактэрыі могуць зрабіць нас менш рацыянальнымі і больш успрымальнымі да сацыяльных меркаванняў. Неабходны дадатковыя даследаванні, каб лепш зразумець сувязі паміж сістэмамі нейратрансмітараў, складам мікрабіёму кішэчніка і зменамі ў працэсе прыняцця сацыяльных рашэнняў.
Аднак ужо наяўныя вынікі даюць новае ўяўленне пра роль восі мікрабіём — кішэчнік — мозг у сацыяльных паводзінах і падкрэсліваюць важнасць збалансаванага харчавання для сацыяльных паводзін.
Як мільярды мікраарганізмаў у кішэчніку могуць умацаваць ваша псіхічнае здароўе
Навукоўцы выявілі парадаксальны ўплыў працэсаў у кішачніку на старэнне