У бацькоў Ціманоўскай праходзіць вобшук

Крысціна Ціманоўская паведамляе, што сёння ў яе бацькоў Следчы камітэт праводзіць ператрус. Заяву Крысціны распаўсюдзіў Байпол. 

23.05.2024 / 14:38

 «Пакуль я лячу на спаборніцтвы і ў мяне трасуцца рукі ад гэтай інфармацыі, а ўсё таму што я хачу свабоды для сваёй краіны. Хачу прыязджаць туды на выходных, каб наведваць бацькоў, хачу раз у год прыязджаць у Беларусь дзеля яе цудоўнай прыроды, хачу сустрэцца з сябрамі, хачу пабываць там дзе я нарадзілася і вырасла, хачу прайсціся па Мінску, па сваіх любімых вуліцах, зайсці ў любімае кафэ і выпіць кавы з круасанам.

За гэта мая плата — крымінальныя справы, запалохванні і ператрусы. У мяне забралі дом, а цяпер дабраліся да маёй сямʼі, звычайнай правінцыйнай сямʼі, дзе тата ўсё жыццё працаваў пажарным, а мама супрацоўнікам банка», — паведамляе Ціманоўская. 

Яна кажа, што апошнія гады для яе сямʼі і так былі вельмі цяжкія — рак у мамы, інсульт у бацькі (цяпер ён інвалід). 

«Ніхто не нясе адказнасць за мяне, акрамя мяне самой, і калі ў Следчага камітэта ёсць пытанні да мяне, то я запрашаю іх у свой новы дом на ператрусы і размовы», — дадае Ціманоўская.

Nashaniva.com