Додзік патрабуе мірнага аддзялення ад Босніі і Герцагавіны. Ён прапануе план праз 30 дзён

Прэзідэнт Рэспублікі Сербскай заявіў, што больш не хоча жыць у федэрацыі.

23.05.2024 / 14:53

Міларад Додзік. Фота: БелТА

Прэзідэнт Рэспублікі Сербскай Міларад Додзік заявіў пра жаданне ў найбліжэйшы час выйсці са складу Босніі і Герцагавіны.

У наступныя 30 дзён Додзік паабяцаў прапанаваць мірны план дэмаркацыі паміж Федэрацыяй і Рэспублікай Сербскай, піша nin.rs.

«Сёння мы пачынаем з афіцыйнага рашэння запытаць мірную дэмаркацыю. Мы прапануем спачатку ўдакладніць палітычныя кампетэнцыі ў дачыненні да суб'ектаў, а таксама захаваць цяперашнюю мадэль функцыянавання эканомікі і на працягу некалькіх гадоў адаптаваць яе да мадэлі мірнага размежавання», — адзначыў Додзік.

Ён заявіў, што «сербы больш не могуць жыць у гэтай Босніі і Герцагавіне». Ён лічыць, што «баснійцы не паважаюць сербаў».

Новыя заявы Додзіка аб выхадзе са складу Босніі і Герцагавіны гучаць на фоне галасавання ў Генасамблеі ААН па рэзалюцыі аб генацыдзе ў Срэбраніцы. Аўтары рэзалюцыі прапануюць зрабіць 11 ліпеня Міжнародным днём памяці генацыду ў Срэбраніцы — там у 1995 годзе армія баснійскіх сербаў пад кіраўніцтвам Ратка Младзіча забіла больш за 8 тысяч баснійскіх мусульман.

Сербы лічаць гэтую рэзалюцыю абразлівай, напярэдадні пратэсты супраць галасавання ў ААН прайшлі ў Сербіі, Чарнагорыі і Рэспубліцы Сербскай.

Боснія і Герцагавіна ўяўляе сабой федэрацыю з дзвюх аўтаномных частак — мусульманска-харвацкім аб'яднаннем БіГ, дзе жывуць баснійцы і харваты, а таксама Рэспублікі Сербскай з сербскім насельніцтвам.

Додзік, які вядомы прарасійскімі поглядамі, раней заяўляў, што яго не задавальняе курс кіраўніцтва федэрацыі на ўступленне ў NATO.

Nashaniva.com