У Мінску вызначаць зоны забароны для руху самакатаў і монаколаў
Пры ўзаемадзеянні адміністрацый раёнаў сталіцы і аператараў сродкаў персанальнай мабільнасці (самакаты, монаколы ды інш.) у Мінску вызначаць зоны забароны руху і абмежавання хуткасці такіх сродкаў, пішуць Мінск-навіны.
23.05.2024 / 15:26
Ілюстрацыйнае фота
У Мінгарвыканкаме прайшла чарговая працоўная сустрэча з аператарамі сродкаў персанальнай мабільнасці. Намеснік начальніка гарадскога ДАІ Дзяніс Лівановіч расказаў, што за чатыры месяцы 2024 г. колькасць такіх ДТЗ склала восем выпадкаў, тады як за аналагічны перыяд мінулага года зарэгістраваны толькі адзін такі інцыдэнт. Пачасціліся выпадкі выкарыстання арэндных СПМ непаўналетнімі, а таксама электрасамакатаў некалькімі асобамі.
Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі пытанне бяспечнага праезду пешаходных зон і скрыжаванняў.
Плануецца вызначаць участкі, дзе абмяжуюць хуткасць СПМ або зусім забароняць перамяшчацца на іх. Таксама ўзмоцняць працу са школамі, бацькамі і непасрэдна з самакатчыкамі па растлумачэнні правілаў карыстання СПМ і неабходнасці датрымлівацца ПДР.