Затрыманая літоўская «шпіёнка» аказалася супрацоўніцай санаторыя «Беларусь»

Грамадзянка Літвы Алена Раманаўскене, якую ў Беларусі абвінавачваюць у агентурнай дзейнасці, з'яўляецца ўраджэнкай Беларусі і супрацоўніцай санаторыя «Беларусь» у Друскеніках, піша літоўскае выданне 15min.

23.05.2024 / 17:22

Скрыншот з сайта vrk.lt

59-гадовая Алена Раманаўскене нарадзілася ў Мінску, у 1987 годзе скончыла «Акадэмію эканомікі» (відаць, маецца на ўвазе цяперашні Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, які тады называўся Беларускім дзяржаўным інстытутам народнай гаспадаркі) і пасля таго, відаць, выехала ў Літву. Цяпер жанчына разведзеная. 

У мінулым годзе яна была кандыдатам на выбарах у гарадскую раду Друскенікаў ад камітэта «За Друскенікі», але абраная не была. Уласна кажучы, з анкеты, апублікаванай тады літоўскай ЦВК, і сталі вядомыя яе асноўныя біяграфічныя звесткі.

Што да прафесійнай дзейнасці, то жанчына працавала загадчыцай аддзела маркетынгу ў санаторыі «Беларусь» у Друскеніках, а таксама ўзначальвала невялікую кампанію Inovatyvūs plėtros projektai («Праекты інавацыйнага развіцця»), якая займаецца рэкламнай дзейнасцю.

Затрымаць Раманаўскене маглі летась, калі яна вярталася ў Літву з Беларусі, дзе наведвала родных. Сваякі жанчыны ад каментароў літоўскаму выданню адмовіліся.

Алену Раманаўскене пачнуць судзіць у Мінскім гарадскім судзе 3 чэрвеня, яна абвінавачваецца ў агентурнай дзейнасці. Суд будзе закрытым. 

За шпіянаж арыштавалі грамадзянку Літвы Алену Раманаўскене

Як у КДБ дапытваюць з дэтэктарам хлусні? Досвед беларуса

Капітан Бундэсвера добраахвотна шпіёніў на Расію, «каб загадзя атрымаць ад яе папярэджанне аб нанясенні ядзернага ўдару»

Nashaniva.com