Расійскі ваенкар прызнаў, што расіяне пад Харкавам перайшлі да абароны

«Мы, напэўна, адкрыем страшную таямніцу, якую нязручна прызнаваць ва ўра-патрыятычным сегменце», — піша Рыбар.

25.05.2024 / 13:32

Украінскі верталёт вяртаецца з баявога задання пад Харкавам. 19 мая 2024 года. AP Photo \ Evgeniy Maloletka

«Мы, напэўна, адкрыем страшную таямніцу, якую нязручна прызнаваць ва ўра-патрыятычным сегменце. Расійскія войскі замацаваліся на дасягнутых рубяжах і часткова перайшлі да абароны, — напісаў папулярны расійскі ваенкар Рыбар, звязаны з ГРУ. — Іх задача не загубіць людзей у штурмавых дзеяннях, а пазбавіць праціўніка ініцыятывы і знішчыць сцягнутыя пад Харкаў рэзервы», — тлумачыць Рыбар.

Ваенкар прагназуе, што «да канца мая УСУ павінны перайсці на поўнач ад Харкава ў контрнаступленне».

Рыбар тлумачыць прабуксоўванне расійскіх войскаў нязручнасцямі ландшафту і моцнасцю ўкраінскіх пазіцый.

«Прасоўванне пад Ліпцамі ўскладнена тым, што самі Ліпцы, Баршчавая, Рускія і Чаркаскія Цішкі (паўночныя подступы да Харкава) знаходзяцца ў нізіне. На паўднёвы ўсход ад Ліпцаў ёсць вышыня 204.7 — узвышша, з якога адкрываецца від і на паўночную мяжу, і прыгарады Харкава. Там абсталяваны досыць магутны ўкрэпраён ВСУ, без узяцця якога не ўдасца прасунуцца далей», — піша ваенкар.

Каб натхніць сваю аўдыторыю, ваенкар ГРУ сцвярджае, што наступ пад Харкавам і панесеныя расійскімі войскамі страты ўсё ж мелі сэнс. Дзякуючы гэтаму расійскія войскі здолелі атрымаць ініцыятыву на іншых кірунках.

«На гэты момант пад Харкаў украінскія фарміраванні сцягнулі звыш 50 батальёнаў: іх здымаюць з усіх кірункаў, агаляючы фронт, а таксама выводзяць пад Харкаў стратэгічныя рэзервы, чаго дагэтуль не было, — піша ён і прызнае. — Але сілаў праціўніка тут і праўда шмат».

За апошні месяц расійскія войскі дакларавалі вяртанне на руіны Кляшчэеўкі і Андрэеўкі пад Бахмутам, а таксама на руіны Рабоціна, Старамаёрскага і Ураджайнага пад Запарожжам. Яны працягваюць атакі на Часаў Яр і Краснагораўку на Данеччыне.

У пайменным спісе загінулых расейскіх вайскоўцаў, сабраным у адкрытых крыніцах, які вядуць «Медыязона» сумесна з Бі-бі-сі і камандай валанцёраў, цяпер 54 185 прозвішчаў. Па ацэнцы Бі-бі-сі, якая заснаваная на параўнанні даных спісу са звесткамі з асобных могілак, рэальна колькасць забітых прыкладна ў два разы большая. Гэта значыць, што расійская армія страціла ўжо каля 110 тысяч забітымі і сотні тысяч параненымі.

Nashaniva.com