Саннікаў: Вік праводзіў у Беларусі інтарэсы Германіі і Расіі, але ніяк не Беларусі
Беларускі палітык выказаўся на смерць экс-кіраўніка місіі АБСЕ ў Мінску, абвінаваціўшы яго ў спрыянні рэжыму Лукашэнкі.
25.05.2024 / 19:49
Ханс-Георг Вік у 2001 годзе. Фота: osce.org
Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў у сваім фэйсбуку крайне негатыўна ацаніў дзейнасць у Беларусі памерлага нямецкага дыпламата Ханса-Георга Віка.
«Пайшла значная фігура беларускай палітычнай сцэны. Менавіта беларускай, таму што найважнейшы перыяд пры канцы лёту яго міжнароднай кар'еры быў звязаны з Беларуссю.
Многія станоўча ацэньваюць яго працу ў Беларусі ў якасці кіраўніка кансультатыўна-назіральнай місіі АБСЕ ў 1998-2001 гг. Маўляў, стараўся, але нічога не змог зрабіць супраць зверскага рэжыму.
У мяне іншае меркаванне.
Ханс-Георг Вік быў актыўным будаўніком гэтага рэжыму. Менавіта ён заклаў асновы міжнароднага прызнання Лукашэнку, нягледзячы на відавочныя злачынствы рэжыму.
Ён актыўна разбураў любыя спробы аб'яднання і ўзгодненых дзеянняў апазіцыі. Ён праводзіў у Беларусі інтарэсы Германіі і Расіі, але ніяк не Беларусі. Ён умела садзейнічаў утойванню палітычных забойстваў 1999-2000 гг.
Пасля Вік дастаткова прынцыпова крытыкаваў рэжым Лукашэнкі і яго дзейнасць, але ўжо не маючы магчымасці на штосьці ўплываць.
Так сотні былых дыпламатаў і палітыкаў раптам бачаць пасля завяршэння сваёй кар'еры, падчас якой яны рабілі ўсё, каб Лукашэнку было добра, а Беларусі дрэнна.
Гэта не скончылася і дагэтуль», — напісаў беларускі палітык.
Памёр Ханс-Георг Вік, які на стыку стагоддзяў спрабаваў аб'яднаць беларускую апазіцыю