На базе гомельскага АМАПа зрабілі Z-мурал

Карціна на сцяне будынка на базе аддзялення атрада міліцыі асаблівага прызначэння УУС Гомельскага аблвыканкама была створана яшчэ ўвосень 2023 года, але пра гэта стала вядома цяпер са справаздачы аб экскурсіі, якую сілавікі зладзілі для школьнікаў, піша «Флагшток».

26.05.2024 / 16:43

Публікацыя АУС Савецкага раёна Гомеля

Карціна з дэвізам АМАПу «Законнасць, Гонар, Адвага» створаная па матывах вайны Расіі супраць Украіны: пра гэта сведчаць, у тым ліку, элементы экіпіроўкі героя графіці. Сярод іх: белая апазнавальная павязка на назе і фрагмент чорных ды аранжавых палосак на шаўроне — стылізаваная георгіеўская стужка, сімвал расейскай агрэсіі ва Украіне.

Як высветліў «Флагшток», аўтарка эскізу — расійская мастачка Кацярына Кучэўская (падпісвае свае творы чамусьці EgoR). Яна так пракаментавала сваю працу: «Калі ў нашай краіне было прынята рашэнне аб пачатку СВА, я, як і многія творчыя людзі, не магла заставацца ў баку».

Мастачка патлумачыла, што адлюстравала ўдзельніка Другой сусветнай вайны і яго «ўнука — «рэальнага ўдзельніка СВА, дзейнага афіцэра аднаго з падраздзяленняў спецназа Расіі»: «Гэты вобраз адлюстроўвае любога сучаснага воіна з нашыўкай «свой-чужы» ў выглядзе георгіеўскай стужкі».

Гэты малюнак на тэрыторыі гомельскага АМАП перанёс на сцяну Арцём Саракалетаў, які займаецца графіці ў Гомелі. «Вайна — гэта зло», — пісалі ў каментарах пад фота ягонай работы.

Сваю творчасць Саракалетаў пачынаў з невялікіх рэкламных муралаў для кавярняў і аўтасэрвісаў, героямі якіх былі акцёры з фільма «Хросны бацька» і «Брыгада».

Роспіс Саракалетава для гомельскага аўтасэрвісу. Крыніца: інстаграм-старонка Саракалетава

З 2020 года пасля рэалізацыі некалькіх ваенных графіці мастак трапіў у адпаведнасць чаканняў гарадскіх ідэолагаў, якія рэгулююць, дзе і якія сюжэты з'явяцца на сценах шматпавярховак.

Роспіс трансфарматарнай падстанцыі Саракалетава на вуліцы Тралейбуснай у Гомелі. Крыніца: інстаграм-старонка Саракалетава

З таго часу пры ягоным удзеле былі створаныя як мінімум 5 муралаў у гонар савецкіх удзельнікаў Другой сусветнай вайны, звязаных з назвамі вуліц гарадоў Гомельскай вобласці, а таксама мурал у гонар былога 1-га сакратара ЦК КПБ Кірылы Мазурава.

Расійскі рэгіён вярбуе беларусаў на вайну праз сацсеткі — наладзілі таргетаваную рэкламу

Сілавікі з трох усходніх абласцей ужо памаліліся перад капсулай з зямлёй. Іншыя на чарзе

У Гомелі пад ідэалагічную цэнзуру трапіў сімвал аднаго з раёнаў ФОТАФАКТ

Nashaniva.com