Арцыбіскуп Кандрусевіч узначаліў урачыстасць пасля хваробы
У нядзелю 26 мая арцыбіскуп-эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Забалаці (Гродзенская дыяцэзія, Радунскі дэканат) у парафіяльную ўрачыстасць тытулу касцёла, піша Catholic.by.
27.05.2024 / 14:57
Фота: catholic.by
Пасля пасвячэння біскупа каад’ютара Гродзенскай дыяцэзіі Уладзіміра Гуляя ў Гродне заслужаны іерарх скіраваўся ў невялікую вясковую парафію ў Воранаўскім раёне, каб па запрашэнні пробашча ксяндза Генрыха Яблонскага падзяліць з мясцовымі вернікамі радасць фэсту.
Ва ўрачыстасці браў удзел таксама рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ксёндз канонік Віталій Вайцяхоўскі.
У прамоўленай на святой Імшы гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў, што таямніца Святой Тройцы з’яўляецца «фундаментальнай праўдай у хрысціянскім веравучэнні, якую можна зразумець не розумам, але сэрцам».
«У практыцы штодзённага жыцця можна знайсці шмат вобразаў Святой Тройцы. Яны недасканалыя, але набліжаюць яе таямніцу. Нальём у пасудзіну ваду і кінем у яе лёд. Над вадой заўсёды ёсць пара. Маем прыклад Святой Тройцы: вада, лёд і пара. Адно, другое і трэцяе — вада, але ў розных станах», — прывёў прыклад іерарх.
«У штодзённым жыцці мы часта назіраем актуальнасць старажытнага лацінскага выразу «чалавек чалавеку воўк», а павінен быць братам і сястрой, бо ўсе мы створаныя паводле вобразу і падабенства Божага», — падкрэсліў заслужаны іерарх.
Раней паведамлялася, што іерарх перанёс аперацыю і інфаркт.