Папулярны польскі банк стаў блакаваць беларусам доступ да анлайн-акаўнтаў. Што здарылася?
Польскі банк Santander выпусціў «унутраны дакумент», паводле якога грамадзянам Беларусі без папярэдняга паведамлення блакуюць доступ да мабільнага дадатку банка і анлайн-банкінгу, паведаміў тэлеграм-канал «Беларусы ў Польшчы».
27.05.2024 / 16:21
Фота: Santander Bank Polska
Па словах беларусаў, якія сутыкнуліся з такім блакаваннем, доступ да акаўнта можна разблакаваць, калі прынесці ў аддзяленне банка дазвол на жыхарства ў Польшчы ці ў краінах ЕС, сапраўдны цягам найбліжэйшых 12 месяцаў.
Паводле наяўнай інфармацыі, блакаванне звязанае з новымі правіламі, якія польскія ўлады прынялі днямі для грамадзян Беларусі і Расіі.
Цяпер грошы на рахунак усё яшчэ можна атрымліваць, але здымаць іх можна толькі ў аддзяленні банка. Папулярная ў Польшчы сістэма мабільных плацяжоў BLIK у некаторых карыстальнікаў таксама недаступная. Перавод злотых у іншы банк магчымы з камісіяй 10 злотых (каля 2,5 еўра), у замежнай валюце камісія большая.
Для разблакавання рахунку неабходна паказаць пластыкавае пасведчанне аб наяўнасці ДНЖ. Штампу ў пашпарце аб тым, што дакументы знаходзяцца на разглядзе, ці нават паперы, што прынята адпаведнае рашэнне, будзе недастаткова.
Акрамя таго, па словах кансультантаў Santander, гэтыя новаўвядзенні закрануць усе банкі, у якіх да гэтага часу рахункі беларусам адкрывалі проста па пашпарце.
Польскія візавыя цэнтры ўвялі асобную рэгістрацыю яшчэ для адной катэгорыі беларусаў
Змяніліся правілы падачы дакументаў на польскую візу ў Беларусі
У Польшчы стварылі яшчэ адну камісію па расійскім і беларускім уплывах