Фантастыка ў стыках Германіі! 16-ю каманду Бундэслігі «пахавалі» пасля хатніх 0:3, а яна ў гасцях здзейсніла неверагодны камбэк
«Бохум» пакінуў «Фартуну» ў другой лізе. Усё вырашыла серыя пенальці.
28.05.2024 / 07:45
Стыкавыя матчы за права згуляць у Бундэслізе — агонь! Хоць пасля першай гульні здавалася, што на інтрыгу варта забыцца, піша Championat.com
Рэгламент у Германіі такі, што трэцяя з канца каманда Бундэслігі праводзіць стыкавыя матчы з трэцім клубам другога дывізіёна. Менавіта так «Бохум» і «Фартуна» знайшлі адзін аднаго. У першым матчы клуб з Дзюсельдорфа прыбіў суперніка на выездзе — 3:0. Напэўна, толькі самыя адданыя заўзятары «Бохума» верылі, што іх каманда аформіць грандыёзны камбэк.
Пару слоў пра фанатаў 16-й каманды Бундэслігі. Найбольш радыкальныя паказвалі гульцам сваёй каманды непрыстойныя жэсты пасля прыніжэння ў першым матчы. Магчыма, такія пачварныя паводзіны заўзятараў добра расштурхалі гульцоў «Бохума». А як яшчэ растлумачыць тое, што адбылося ў Дзюсельдорфе?
У канцоўцы другога тайма рэжысёр трансляцыі рэгулярна браў буйныя планы заўзятараў «Фартуны» на трыбунах.
Людзі хапаліся за галаву, з цяжкасцю стрымлівалі слёзы ад хвалявання, нервова папраўлялі валасы, а хтосьці прасіў дапамогі ў Бога. Чакайце, але ж іх каманда выйграла першы матч з розніцай у тры галы. І ўсё ж нешта пайшло не так.
Філіп Хофман аформіў дубль, а Кевін Штэгер набраў 3 (1+2) балы па сістэме «гол+пас». Калі што, гэта два футбалісты «Бохума».
Да 70-й хвіліны госці ператварылі 0:3 у 3:3 па суме двух матчаў. Асобнае прывітанне фанатам «Бохума» і іх непрыстойным жэстам па выніках першага матчу.
У асноўны час гледачы больш галоў не ўбачылі, у дадатковы — таксама. Хоць у канцоўцы футбалісты «Бохума» вынеслі мяч з лініі варот.
Справа дайшла да серыі пенальці — трэба ж было дадаць яшчэ больш драмы. Спачатку нервы не вытрымалі ў Андрэ Хофмана — яго ўдар адбіў брамнік «Бохума» Андрэас Лютэ. Крыху пазней ужо галкіпер гаспадароў Фларыян Кастэнмаер пацягнуў стрэл Эрхана Машавіча. Пасля пяці ўдараў кожная з каманд рэалізавала па чатыры спробы.
Вырашальным быў удар Такасі Уціна — японец з «Фартуны» запусціў мяч над перакладзінай. Пакуль аднаклубнікі суцяшалі японца, футбалісты «Бохума» рынуліся да сектара са сваімі фанатамі. А тыя запалілі ў прамым сэнсе гэтага слова — кідалі на радасцях піратэхніку.
«Бохум» захаваў месца ў Бундэслізе.
Футбольны Еўра-2024 па БТ паказваць не будуць
Гары Кейн стаў уладальнікам «Залатой буцы» як найлепшы бамбардзір еўрапейскіх ліг
Фурор украінцаў у Іспаніі — у адным матчы Доўбік забіў тры галы, Цыганкоў — два. ВІДЭА
Крышціяну Раналду можа вярнуцца ў топ-чэмпіянат
56 удараў: у Ізраілі паставілі сусветны рэкорд у серыі пенальці