Запуск паўночнакарэйскага спадарожніка-шпіёна скончыўся няўдачай. Ракета ўзарвалася

Запускаць спадарожнік Пхеньяну дапамагала Расія.

28.05.2024 / 08:58

AP Photo/Ahn Young-joon

Ракета-носьбіт з паўночнакарэйскім спадарожнікам-шпіёнам узарвалася праз некалькі хвілін пасля старту, прызналі ў КНДР. Паводле звестак Сеула, запускаць спадарожнік Пхеньяну дапамагала РФ, у адказ на дапамогу ў вайне з Украінай, піша Deutsche Welle.

Ракета-носьбіт з паўночнакарэйскім спадарожнікам-шпіёнам «Маліген-1-1» неўзабаве пасля запуску «ўзарвалася ў паветры на першым этапе палёту». Гэта прызнала Дзяржаўнае ўпраўленне па аэракасмічнай тэхніцы КНДР. Паводле звестак паўночнакарэйскага ведамства, прычынай аварыі стала адмова рухавіка ракеты.

Вайскоўцы Паўднёвай Карэі зафіксавалі запуск ракеты з заходняга ўзбярэжжа КНДР позна ўвечары 27 мая. У Сеуле заявілі, што праз некалькі хвілін пасля меркаванага запуску паўночнакарэйскага разведвальнага спадарожніка праназіралі, як яго абломкі і абломкі ракеты-носьбіта ўпалі ў моры блізу таго ж заходняга ўзбярэжжа КНДР.

Японскі тэлеканал NHK паказаў відэазапіс таго, як ахопленыя агнём абломкі — як мяркуецца, таго самага спадарожніка — падаюць у моры. У NHK паведамілі, што гэтыя кадры былі знятыя позна ўвечары 27 траўня з паўночна-ўсходняга ўзбярэжжа Кітая. Перад гэтым улады заклікалі жыхароў японскага вострава Акінава пайсці ў сховішчы, аднак неўзабаве папярэджанне было адменена.

Спроба запуску другога паўночнакарэйскага спадарожніка-шпіёна адбылася ўсяго праз некалькі гадзін пасля саміту ў Сеуле, на якім прадстаўнікі Паўднёвай Карэі, Кітая і Японіі падпісалі сумесную дэкларацыю аб дэнуклеарызацыі Карэйскага паўвострава. КНДР у верасні 2023 года абвясціла сябе ядзернай дзяржавай і ў апошнія месяцы актыўна выпрабоўвае балістычныя ракеты, здольныя несці ядзерную зброю.

йУ КНДР зацвердзілі парадак дэманстрацыі партрэтаў трох Кімаў

Кім Чэн Ын разам з 12-гадовай дачкой урачыста адкрыў забудову вуліцы з 80-павярховым будынкам у Пхеньяне ФОТЫ

Кім Чэн Ын пабудаваў раскошны горад для распрацоўшчыкаў ядзернай зброі

Палова выкарыстаных Расіяй паўночнакарэйскіх ракет узарвалася ў паветры, не даляцеўшы да цэлі

Кім Чэн Ын зрабіўся зоркай тыктоку. Як паўночнакарэйскі прапагандысцкі ролік стаў суперхітом у сацсетках

Nashaniva.com