Новая дэталі злачынстваў расіян у Бучы высветлілі дзякуючы выкрадзеным узнагародам афіцэра СБУ

Журналісты ўкраінскай службы «Радыё Свабода» расказалі падрабязнасці выкрадання і забойства палкоўніка Службы бяспекі Украіны падчас расійскай акупацыі Бучы і назвалі імёны забойцаў.

28.05.2024 / 11:43

Цела палкоўніка СБУ Аляксея Цяліжэнка з нашыўкаю Нацыянальнай акадэміі СБУ. Скрын відэа RadioSvoboda / YouTube

Расследаванне ўкраінскай службы «Радыё Свабода» прысвечана высвятленню акалічнасцей выкрадання, катаванняў і забойства палкоўніка Службы бяспекі Украіны Аляксея Цяліжэнка (Олексій Теліженко), якое адбылося падчас акупацыі Бучы.

Па словах журналістаў, магчымых адказных за злачынства атрымалася адшукаць дзякуючы выкрадзеным узнагародам палкоўніка. Як вынікае з расійскіх навін і паведамленняў у сацыяльных сетках, гэтыя ўзнагароды цяпер экспануюцца ў так званым пакоі-музеі баявой славы спецназа Расгвардыі «Кузбас» у расійскім Кемерава.

На след забойцаў, якія выкарыстоўвалі тэлефон ахвяры для каардынацыі сваіх дзеянняў, таксама вывелі даныя трафіка і маніторынгавай інфармацыі, атрыманыя ад крыніцы ва ўкраінскіх спецслужбах.

Палкоўнік СБУ Аляксей Цяліжэнка. Скрын відэа RadioSvoboda / YouTube

Аляксей Цяліжэнка працаваў у Нацыянальнай Акадэміі СБУ ў Кіеве памочнікам рэктара. Сярод іншага, у яго абавязкі ўваходзіла падрыхтоўка курсантаў да ваенных парадаў на Дзень Незалежнасці Украіны.

У 2016 годзе палкоўнік знаходзіўся ў зоне антытэрарыстычнай аперацыі на ўсходзе краіны і займаўся вяртаннем грамадзян, якія добраахвотна адмовіліся ад службы ў вайсковых фарміраваннях «ЛНР» і «ДНР».

На ваеннай службе Цяліжэнка правёў 27 гадоў і быў адзначаны шэрагам узнагарод.

Па словах жонкі афіцэра, расійскія ваенныя зайшлі ў двор іх дома 6 сакавіка 2022 года. Падчас дагляду тэлефонаў яны заўважылі фота мужчыны ў вайсковай форме. Пасля гэтага ў доме пачаўся ператрус. Самога Цяліжэнку трымалі на марозе распранутым па пояс з завязанымі за спінай рукамі. На вуліцу былі выкінутыя асабістыя рэчы мужчыны, знойдзеныя ў доме, сярод якіх быў і парадны кіцель з узнагародамі.

Аляксей Цяліжэнка ў парадным кіцелі (злева) і частка экспазіцыі пакоя-музея баявой славы 27-га асобнага атраду спецназу Расгвардыі «Кузбас» у Кемерава (справа). Скрын відэа RadioSvoboda / YouTube

Як высветлілі журналісты, ідэнтычныя ўзнагароды цяпер знаходзяцца ў экспазіцыі пакоя-музея баявой славы 27-га асобнага атраду спецназу Расгвардыі «Кузбас» у Кемерава. Акрамя іх, у экспазіцыі былі заўважаны і іншыя рэчы, якія маглі належаць украінскаму палкоўніку. Гэта дае падставы сцвярджаць, што з вялікай верагоднасцю выкраданне ўкраінскага афіцэра было здзейснена ваеннымі 27-га асобнага атраду расгвардыі «Кузбас».

Як вынікае з матэрыялу расследавання, пасля затрымання Аляксея Цяліжэнка вывезлі ў лес на ўскраіне горада і змясцілі ў яму. Там яго дапытвалі вайскоўцы з іншага расійскага падраздзялення. У выніку цяжкіх траўмаў, атрыманых ад здзекаў і катаванняў, палкоўнік памёр. Яго цела было знойдзена восенню 2022 года.

На падставе апытання сведкаў, прагляду запісаў камер відэаназірання, аналізу старонак расійскіх сацыяльных сетак і СМІ, фота і відэаматэрыялаў, даных трафіку мабільнага тэлефона, журналісты высветлілі, што да забойства палкоўніка СБУ, верагодна, маюць дачыненне высокапастаўленыя службоўцы 175-га асобнага разведвальнага батальёна з Пскова, які ўваходзіць у 76-ю дэсантна-штурмавую дывізію.

Аўтары называюць іх імёны: намеснік камандзіра батальёна, капітан Аслан Юр'евіч Каскулаў, намеснік начальніка штаба капітан Яраслаў Аляксандравіч Глушанкоў і начальнік РЭБ батальёна капітан Сяргей Фёдаравіч Дрога. Дакладна вядома пра смерць Глушанкова — ён загінуў на фронце ў верасні 2022 года.

Нагадаем, што акупацыя Бучы працягвалася з 5 па 31 сакавіка 2022 года. Па даных Офіса генеральнага пракурора Украіны, толькі ў гэтым горадзе загінула каля 700 чалавек, а ў Бучанскім раёне расійская армія здзейсніла звыш 9 тысяч ваенных злачынстваў.

Ва Украіне асудзілі беларуса за марадзёрства ў Бучы

«Папрасілі цыгарэты і стрэлілі ў галаву». Гісторыі распраў над мірнымі жыхарамі Украіны 

Апублікаваны яшчэ адзін важны відэазапіс, які даказвае, што мірных жыхароў у Бучы забілі ў час расійскай акупацыі

Nashaniva.com